Беларусы прынялі ўдзел у З’ездзе музыкантаў у Львове

З 26 па 28 жніўня ў Львове праходзіў з’езд хрысціянскіх музыкантаў, які штогод арганізоўвае музыкальная студыя «Сeciliarec» і Патрыяршая камісія па справах моладзі Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы.

Як кажуць арганізатары, мэтаю з’езду з’яўляецца супольнае перажыванне адносінаў з Богам праз музыку, малітва, дзяленне досведам сярод музыкантаў. Евангелізацыйны праект «РЫБЫ» сёлета ўжо другі раз удзельнічаў у гэтым з’ездзе, ім спадарожнічаў айцец Міхал Цвячкоўскі МІС і яшчэ некалькі маладых людзей з Беларусі. Вось што беларускія музыканты напісалі ў сацсетках гурта:

«Мы ў складзе ўжо „двухэкіпажнай беларускай дэлегацыі“ рынуліся да нашых паўднёвых братоў у Львоў на традыцыйны з’езд усіх неабыякавых да музыкі для Бога. Не без шурпатасцяў мінулі ўсё ж такі кардон… Таму сумнівы аб неабходнасці ехаць тут жа зніклі ў заходнім „персікавым“ тумане па-над трасай на Луцк. Пад гукі гаманлівай размовы аб „майбутнім“ „Рыб“ і ўсяго чалавецтва мы апынуліся на месцы прызначэння.

Госцем з’езду стаў вядомы аўтар песняў праслаўлення і сапраўды Божы чалавек Леапольд Твардоўскі. „Праз зачыненыя дзверы“, „Слаўлю Цябе“, „Хто Ты, о Госпадзе?“ і шмат іншых спеваў, якія выйшлі з-пад яго прафесійнага пяра, знаёмыя беларускім вернікам.

Бог учыніў нам сапраўдныя цуды на гэтым шляху, натхніў, вызваліў. Таму будзем Яму вернымі!»

Радуе, што беларуская хрысціянская музыка развіваецца, што маладыя католікі дзеляцца досведам, стараюцца ўдасканальвацца ў музычным праслаўленні Бога, а таксама імкнуцца да паглыблення адносінаў з Езусам.

Вольга Качалка, ave-maria.by

для друку для друку