Беларускую батлейку пакажуць на фестывалі ў Бэтлееме

У красавіку Брэсцкі тэатр лялек выступіць у палестынскім Бэтлееме — месцы зямнога нараджэння Ісуса Хрыста. Тэатр атрымаў запрашэнне да ўдзелу ў міжнародным фестывалі для дзяцей і моладзі ў Палестыне.

У Бэтлееме беларусы пакажуць спектакль у жанры народнага тэатра батлейкі «Рыгорка — ясная зорка» паводле казкі паэта і драматурга Анатоля Вярцінскага, паведамляе рэгіянальная прэса. У аснове пастаноўкі — сюжэт, блізкі да евангельскага. Спектакль распавядае гісторыю пра тое, як анёл паслаў пажылым бацькам хлопчыка Рыгорку. Сын вырас добрым і мужным волатам, які перамог злога Змея-ліхадзея і ўратаваў ад бяды ўвесь народ.

Дарэчы, назва народнага тэатра — «батлейка» паходзіць ад назвы горада, дзе нарадзіўся Хрыстос — Бэтлеем (Betleem). Гэты жанр з’явіўся ў сярэднявеччы ў Еўропе, таксама і ў Беларусі. Батлеечныя спектаклі распавядалі біблейскія гісторыі, сваімі сюжэтамі звычайна адлюстроўвалі сацыяльныя і рэлігійныя працэсы, якія адбываліся ў грамадстве.

katolik-gomel.by

для друку для друку