Беларускія вернікі збіраюць подпісы пад адкрытым лістом да Прэзідэнта

b78800dbba60896b0930ccf302816813У каталіцкіх парафіях усёй Беларусі вернікі збіраюць подпісы пад адкрытым лістом Прэзідэнту краіны – адказам на заявы з боку афіцыйных асобаў з абвінавачваннямі ў адрас Касцёла, у прыватнасці – адносна дзейнасці святароў з Польшчы.

У звароце гаворыцца: “Выказваем сваю занепакоенасць і незадаволенасць дзеяннямі некаторых чыноўнікаў, а менавіта Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Леаніда Гулякі. Мы лічым, што стаўленне спадара Гулякі да Касцёла неаб’ектыўнае і прадузятае. Каталіцкі Касцёл – гэта не нейкая замежная арганізацыя, а мы – грамадзяне Беларусі”. У звароце падкрэсліваецца, што выступ Леаніда Гулякі 22 студзеня стаў “апошняй кропляй”: “Мы не можам больш маўчаць. Гэта не што іншае, як крытыка без фактаў. Яна расцэньваецца намі як абраза вернікаў, нашых пастыраў і нашых рэлігійных пачуццяў. Мы лічым, што падобнымі выступамі Леанід Гуляка ўносіць разлад у адносінах Касцёла і дзяржавы, нагнятае міжканфесійную варожасць”.

У лісце таксама адзначаецца, што “сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі адыгрывае важную ролю ў выхаванні дзяцей і моладзі, захаванні сямейных каштоўнасцяў, падтрымцы адзінокіх і пажылых людзей. Развіваецца і павялічваецца сацыяльная і дабрачынная дзейнасць”.

У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка адзначыў, што выказванне спадара Гулякі было даволі нечаканым: “У апошнія гады ўзаемаадносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі ідуць у рэчышчы ўзаемнай павагі, талерантнасці, міжканфесійнага дыялогу. Не думаю, што гэта тыя выказванні, якія займаюць асноўнае месца ў стаўленні дзяржавы да Каталіцкага Касцёла. Але яны прагучалі, і безумоўна вернікі нейкім чынам павінны былі на гэта адрэагаваць. Наогул, патрэбна зрабіць, каб чыноўнікі з большай павагай ставіліся да людзей, не толькі да вернікаў, але і да ўсіх жыхароў Беларусі. І каб чыноўнікі ўлічвалі рэакцыю людзей, калі яны робяць нейкія заявы. І ў дадзеным выпадку некаторыя элементы непавагі ў гэтых выказваннях ёсць”, — лічыць эксперт.

Рэлігіязнаўца тлумачыць, чаму ў пачатку 1990-х, калі пачалося адраджэнне Касцёла ў Беларусі, сюды прыехала шмат святароў з Польшчы: “Гэта абумоўлена тым, што ў Беларусі святароў амаль не было, і людзі прыехалі дапамагаць наладжваць тут жыццё. І яны зрабілі вельмі шмат не толькі для католікаў, але наогул для мясцовых людзей. Яны пачалі займацца дабрачыннасцю. Напрыклад, у Гомелі было вельмі шмат зроблена. Гэта дзейнасць сясцёр Маці Тэрэзы – праца з найбольш беднымі людзьмі, шматдзетнымі сем’ямі. А таксама Дзіцячая вёска для сірот-інвалідаў”, — сказаў спадар Адзіночанка.

Таксама суразмоўца адзначыў, што могуць быць, безумоўна, і некаторыя недахопы ў працы польскіх святароў у Беларусі, але аб гэтым нельга казаць ў такім тоне і ў такім кантэксце, як гэта зрабіў спадар Гуляка: “Такія пытанні павінны вырашацца ў рабочым парадку. Калі б Гуляка звярнуўся да біскупа і сказаў: той ці іншы святар робіць нешта не так, такой бы рэакцыі не было, і не было б уражання, што адносна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі вядзецца беспадстаўная крытыка”, — лічыць эксперт.

Віктар Адзіночанка падкрэсліў, што чыноўнікам і грамадству варта пазбавіцца ад схемы “Праваслаўная Царква – гэта рускія, а Каталіцкая – палякі, што гэта нейкі польскі інстытут”. Бо большасць католікаў у Беларусі – гэта па нацыянальнасці беларусы. А святарам, што прыехалі з Польшчы, трэба сказаць “дзякуй” за іх самаадданую дзейнасць у даволі цяжкіх умовах у параўнанні з Польшчай.

Вернікі, што падпісаліся пад адрытым лістом, па-рознаму тлумачаць сваю пазіцыю. Шматдзетная маці Святлана лічыць, што нейкія падзелы ў рэлігійным кантэксце проста недарэчныя: “Маё жыццё пачало наладжвацца, дзякуючы таму, што я хаджу ў касцёл, дзякуючы святарам. Я лічу, што няма розніцы, католік ты ці праваслаўны. Я не разумею гэтай палітыкі, што католікі — гэта Польшча. Я беларуска, мае дзеці беларусы, я хаджу ў беларускі храм. Я супраць тых словаў, што польскія святары тут зарабляюць нейкія грошы ці нешта гавораць не тое. Яны прыносяць людзям карысць і служаць для людзей”, — сказала яна.

Святарам з Польшчы ўдзячны і спадар Уладзімір: “Я таксама паставіў свой подпіс пад зваротам, бо мяне не задаволілі словы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей аб нейкай “падрыўной” дзейнасці Каталіцкага Касцёла наогул і ў прыватнасці святароў з Польшчы. На самой справе польскія святары аказваюць дапамогу нашаму беларускаму Касцёлу, і дзякуй Богу, што такую магчымасць мы маем”.

Вернік Іван таксама лічыць беспадстаўнымі выказванні беларускага чыноўніка: “Я бачу, якія цудоўныя справы робяць ксяндзы, што прыехалі з Польшчы, колькі ў іх энергіі, як яны адраджаюць каталіцкую веру. Такіх фактаў, што тут вядзецца нейкая палітычная агітацыя, проста не было. Пропаведзі, якія гавораць польскія святары, накіраваныя на адраджэнне сям’і, беларускага грамадства, але ніяк не на нейкія палітычныя тэмы”.

Абурана заявамі спадара Гулякі і парафіянка Вольга Яўсеенка. “Ніякіх канкрэтных фактаў, прозвішчаў, нічога нідзе не называлася, толькі агульныя словы. Мне, як парафіянцы, слухаць гэта было не прыемна. Вялікія справы адбыліся ў нашым горадзе, у Пінскай дыяцэзіі, дзякуючы прыезду святарам з Польшчы, мы бачылі вялікія прыклады вернасці Богу, адраджэння Касцёла пасля больш чым 70 год занядбання, ахвяраванняў за веру. Чаму не гаворыцца пра добрыя, вялікія з’явы ў нашай краіне, якія адбыліся дзякуючы Каталіцкаму Касцёлу? Спадзяюся, што будуць нейкія іншыя выказванні, больш станоўчыя і больш праўдзівыя”.

Нагадаем, раней каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі з просьбай прадставіць канкрэтныя факты пасля яго публічнай заявы пра тое, што некаторыя каталіцкія святары з Польшчы займаюцца ў Беларусі палітыкай і парушаюць законы.

Алена Германовіч, Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.

Ватыканскае радыё

для друку для друку