Беларускія вернікі пра малітоўную акцыю “Ружанец да межаў”

7 кастрычніка, у свята Маці Божай Ружанцовай, ва ўсёй Польшчы адбылася малітоўная акцыя “Ружанец да межаў”. У больш чым 300 касцёлах на тэрыторыі 22 дыяцэзій у краіне прайшла ружанцовая малітва аб міры для Польшчы, Еўропы і ўсяго свету. Акцыя сабрала больш за мільён удзельнікаў, якія ў гэты дзень разам прамаўлялі ўсе часткі Ружанца. У ёй прынялі ўдзел і беларускія вернікі.

Малітва адбылася ў гарах, на пляжах Балтыкі і нават у аэрапортах. “Ружанец да межаў” праводзіўся ў два этапы. У першай частцы вернікі збіраліся ў касцёлах, размешчаных уздоўж усёй мяжы Польшчы – ад узбярэжжа, праз усходнія тэрыторыі да самай заходняй мяжы. Там яны выслухалі канферэнцыі, удзельнічалі ў Эўхарыстыі і ў адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта.

У другой частцы яны перайшлі на вызначанае месца пад назвай “зона малітвы”, дзе адбылася ружанцовая малітва за Польшчу і за свет – за польскія сем’і, мір у краіне і ва ўсім свеце. Такіх зон малітвы ва ўсёй Польшчы было каля 4 тысяч. Таксама гэта былі як прыморскія пляжы, так і памежныя лясныя тэрыторыі.

Такім чынам удзельнікі малітвы хацелі на хвіліну адвярнуцца ад таго, што іх заклапочвае ў рэчаіснасці сваёй краіны, палітыцы і таго, што адбываецца за іх заходняй і ўсходняй мяжой, і звярнуць свае сэрцы і думкі да Бога.

У прыгожай малітоўнай акцыі прынялі ўдзел некаторыя вернікі з Гродзенскай дыяцэзіі, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы. Сваімі перажываннямі падзяліліся дзве ўдзельніцы.

У еднасці наша сіла

Алена Харольская, Гродна – Ровы:

“Мне пашчасціла паўдзельнічаць у гэтай грандыёзнай падзеі ў марской курортнай вёсачцы Ровы. Ужо ў 10.30 у апусцелую пасля турыстаў вёсачку сталі з’язджацца людзі з бліжэйшай мясцовасці. Адбылася святая Імша і адарацыя, пасля людзі разбіліся на групкі і валанцёры адвялі іх у прызначанае месца. На беразе мора быў моцны вецер і ішоў дождж. Такое надвор’е падабалася толькі сёрфінгістам, якія часам знікалі недзе пад вадой, і з’яўлялася думка памаліцца дзясяткам Ружанца, каб ніхто не патануў. Маліліся ўсе часткі Ружанца. Падчас таямніц Святла маліліся за ўсіх раззлаваных людзей, якія сеюць разлад і зло. Айцец Грыгорый папрасіў усіх узяцца за рукі, і гэты жэст дапамог групцы яшчэ больш адчуць моц сумеснай малітвы. Нават стала неяк цяплей.

Нягледзячы на моцны вецер і дождж, малітва адбылася і Польшча можа разлічваць на падтрымку і абарону Маці Божай. І Беларусь, па просьбе адной з беларусак, думаю, таксама…

Спадзяюся, што ў Беларусі нам таксама ўдасца перажыць такую сумесную малітву за нашу краіну. Думаю, што гэта стане фактам у будучыні”.

Перажыванне Ружанца залежыць ад настаўлення душы i ад iнтэнцыi

Яўгенія Раткевiч, Астравец – Картузы (Гданьск):

“Першы раз у маiм жыццi я бачыла штосьцi падобнае – вельмi моцнае адчуванне еднасцi ўсiх хрысцiян-католiкаў у Польшчы i ва ўсiм свеце.

Усё пачалося са святой Імшы ў парафii ў Гданьску. Святар, якi прамаўляў гамілію, вельмi добра падрыхтаваў нас усiх да таго, каб удзельнiчаць у Ружанцы свядома i з верай у тое, што Мацi Божая сапраўды апякуецца намi на прaцягу ўсёй гiсторыi польскага народа, а таксама ўсiх нашых славянскiх народаў. Ён паказаў гэта на розных прыкладах, пачынаючы ад часоў фармавання Рэчы Паспалiтай i Вялiкага княства Лiтоўскага да часоў Папы Яна Паўла II i сучаснасцi.

Для мяне асабiста вельмi важным момантам было тое, што я магла прыняць Святую Камунiю ў iнтэнцыi ўсiх сённяшнiх патрэбаў, маёй Бацькаўшчыны, Польшчы i ўсяго свету.

Пасля адарацыi з малiтвай падзякi мы пайшлi на пляж на ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Там пачалося самае цiкавае – усе мы збiралiся паволi, але разам з гэтым хмары таксама cтанавiлiся ўсё цямнейшымi. I тут мы разам з маiмi сябрамi, з малiтоўнай супольнасцю памалiлiся спантанна, каб дажджу не было i ўсе мы маглi ўдзельнiчаць з радасцю ў Ружанцы.

I на небе з’явiлася вясёлка! Знак паяднання! Пасля я даведалася, што ў iншых раёнах Гданьска быў лiвень – а ў нас пару кропелек i вялiкая прыгожая вясёлка.

Так Татачка i Мамачка любяць сваiх дзетак! У такiм духу малiтоўнай еднасцi памiж сабoй i з Панам мы перажывалi ўсе чатыры часткi Ружанца, якiя здалiся мне зусім кароткiмi. А раней я не магла ўявiць, як можна малiцца ўсе часткi разам адна за адной. Аказалася, што ўсё перажыванне Ружанца, як i iншых малiтваў, залежыць ад настаўлення душы i ад iнтэнцыi, якую мы прызначаем на гэтую малiтву. Я вельмi шчаслiвая, што атрымала ад Пана гэтую ласку – быць разам i малiцца за сябе i за ўсiх нас, каб наш свет стаўся лепшы i дабрэйшы, а значыць, блiжэйшы да Бога”.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку