Беларускія грэка-католікі пра сустрэчу Папы Францішка і Патрыярха Кірыла: “Гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысце”

usoshin“Мужна працягваць малітву пра добрыя плады сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – праз заступніцтва Апосталаў славян Кірыла і Мятода”

1.У пятніцу, 12 лютага 2016 г., у Міжнародным аэрапорце ў Гаване (Куба) прайшла двухгадзінная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, якая стала першай у гісторыі сустрэчай Папы Рымскага і Маскоўскага Патрыярха.

Як вядома, на працягу мінулых дзесяцігоддзяў (ад ІІ-га Ватыканскага Сабору), Рымскія папы шмат разоў сустракаліся з патрыярхамі памесных праваслаўных цэркваў. На гэты шлях хрысціянскага братэрства ўвайшоў у Гаване і Маскоўскі Патрыярхат Рускай Праваслаўнай Царквы. Тут варта нагадаць, што ў мінулым першаіерарх Рускай (Кіеўскай) Царквы – мітрапаліт Ісідар, які меў прызначаную рэзідэнцыю ў Маскве, сустракаўся з першаіерархам Рымскай Царквы – Папам Яўгенам IV у 1438–1439 гг. у Ферары, дзе пачаўся Ферара-Фларэнційскі Сабор – XVII Усяленскі.

Вынікам сустрэчы ў Гаване стала падпісанне сумеснай Дэкларацыі. Беларускія грэка-католікі далучаюцца да словаў Дэкларацыі: “Прыносім падзяку слаўленаму ў Тройцы Богу за гэтую сустрэчу”.

Абдымкі Папы Францішка і Патрыярха Кірыла – гэта каштоўны знак сапраўднага братэрства ў Хрысце.

2. Вялікая ўвага падчас сустрэчы ўдзялялася драматычнаму становішчу хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у 26 пункце Дэкларацыі гаворыцца пра становішча хрысціян ва Украіне.

Хрысціяне на Блізкім Усходзе маюць права на агульнахрысціянскую салідарнасць і дапамогу. Усе жыхары Украіны маюць права на справядлівы мір і шанаванне інтэгральнасці іхняй Бацькаўшчыны.

3. Грэка-каталіцкія душпастыры і вернікі ў Беларусі з асаблівай увагай прачытваюць пункт 25 Дэкларацыі, дзе запісана: “Спадзяёмся, што наша сустрэча зробіць уклад у прымірэнне там, дзе існуюць непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад «уніятызму» былых стагоддзяў, які разумеўся як прыяднанне адной супольнасці да іншай, адрываючы яе ад сваёй Царквы, не з’яўляецца спосабам да адняўлення адзінства.

У той жа час царкоўныя супольнасці, якія з’явіліся ў выніку гістарычных акалічнасцяў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і знаходжанні прымальных формаў узаемнага суіснавання”.

На самай справе гэта адаптаваны тэкст Дэкларацыі з Баламанд у Ліване, прынятай 23 чэрвеня 1993 г. Міжнароднай камісіяй для багаслоўскага дыялогу Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў), які быў падпісаны прадстаўніком (святаром) Маскоўскага Патрыярхата, але які не быў прыняты іерархамі Рускай Праваслаўнай Царквы.

Праз подпісы першаіерархаў Папы Францішка і Патрыярха Кірыла тэкст Дэкларыцыі з Гаваны атрымлівае найвышэйшае значэнне.

Беларускія грэка-каталіцкія душпастыры моляцца пра магчымасць атрымаць, згодна з тэкстам Дэкларацыі, “усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў” ды гатовыя ў прымірэнні шукаць прымальных формаў узаемнага суіснавання з праваслаўнымі братамі і сёстрамі – на славу Божую і для дабра супольнай Бацькаўшчыны.

“Хочам надалей мужна працягваць малітву пра добрыя плады сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла праз заступніцтва супольных святых – Апосталаў славян Кірыла і Мятода ды пад іхняй апекай дзейнічаць не як сапернікі, а як браты,” – сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) на багаслоўска-душпастырскім семінары, прысвечаным ушанаванню роўнаапостальных Кірыла і Мятода, што прайшоў у Мінску ў суботу, 13 лютага 2016 г.

а. Яўген Усошын
Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі

для друку для друку