«Беларускія хаты навучылі мяне пакоры». У Будславе развіталіся з айцом Віктарам Бурлакам

26 жніўня ў Будславе развіталіся са шматгадовым кусташам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай айцом Віктарам Бурлакам OFM і прывіталі новага пробашча парафіі кс. Дзмітрыя Дубовіка.

З гэтай нагоды св. Імшу перад цудатворным абразом Маці Божай узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на неабходнасці моцнай веры для таго, каб заўсёды і ва ўсіх акалічнасцях ісці за Хрыстом.

«Толькі дзякуючы моцнай веры і даверу да Бога чалавек у стане пераадолець сумненні, адкінуць няпэўнасць і пайсці за Хрыстом, як апосталы, бо толькі Ён, наш Пан, мае словы вечнага жыцця.

Святар — гэта салдат Хрыста, які ідзе туды, куды яго скіроўваюць, нават калі зрабіць гэта бывае няпроста. За гады вернікі прывязваюцца да свайго пастыра, і ён таксама прывязваецца да іх, але голас Пана кліча яго да новых заданняў у Касцёле», — адзначыў біскуп Юрый.

Тое, наколькі вернікі сапраўды «прывязаліся» да свайго шматгадовага пастыра, кусташа будслаўскага санктуарыя а. Віктара Бурлакі, было выказана ў тых цёплых і шчырых словах, якія яны казалі яму ў гэты дзень.

«Сказаць, што мы Вас моцна палюбілі, — гэта ўсё адно, што нічога не сказаць», — з трымценнем у голасе ад імя ўсёй парафіяльнай моладзі прызналася будслаўская парафіянка Крыстына Ефімовіч. А старшыня касцёльнага камітэту спадар Іван Пятроўскі, развітваючыся з а. Віктарам, не мог стрымаць скупой мужчынскай слязы. Словы падзякі за шматгадовае супрацоўніцтва выказаў былому кусташу санктуарыя таксама мастак-рэстаўратар Віктар Лукашэвіч, які ў 1991–1992 гг. выканаў рэстаўрацыю самага вядомага цудатворнага абраза Маці Божай на Беларусі, а таксама прычыніўся да аднаўлення славутых «аптычных» алтароў будслаўскай святыні. Сваю падзяку на развітанне а. Віктару выказалі таксама самыя малодшыя парафіяне і прадстаўнікі нарачанскай моладзі.

Дзякуючы за цёплыя словы, а. Віктар распавёў прыпавесць пра два мяхі, сэнс якой у тым, што перад сабою заўсёды варта захоўваць добрыя ўспаміны, каб імкнуцца да лепшага і з аптымізмам глядзець у будучыню.

Менавіта з такім настроем святар, які належыць да францішканскай манаскай супольнасці айцоў бэрнардынаў, скіроўваецца на новае месца служэння, якое ён будзе несці ў сваёй роднай Украіне, у старажытным бэрнардынскім кляштары ў горадзе Збараж, што на Цярнопальшчыне.

У Будславе а. Віктар пакідае частку свайго сэрца. Як адзначыў сам былы кусташ, слова «сэрца» гучала ў гэты дзень не раз, аднак не ў яго непрасрэдным, «кардыялагічным» значэнні, а як сімвал любові і душэўнай прывязанасці. Сэрца святара, якое ён шчыра дарыў мясцовым вернікам і ўсім тым, хто наведваў будслаўскую святыню, застанецца не толькі ў выглядзе прыемных цёплых успамінаў, шчырай удзячнасці і непрамінальнага сяброўства, а таксама ў выглядзе срэбранага вотума ў выглядзе сэрца, які змесцяць каля абраза Маці Божай.

«Беларускія вясковыя хаты навучылі мяне пакоры, — кажа айцец Віктар з усмешкай. — Ходзячы па калядзе, я кожны раз мусіў схіляцца, каб не стукнуцца аб вяршнік галавою».

Пакору свайго пробашча бачылі і адчувалі таксама парафіяне, якія адзначалі, што ў яго ніколі не было на галаве «віртуальнай кароны».

Айцец Віктар, з іх словаў, сапраўды «ведаў пах сваіх авечак», як кажа папа Францішак, гэта значыць ведаў іх патрэбы і па-айцоўску клапаціўся пра іх.

Таму перад касцёльнымі ўладамі стаяла няпростая задача: кім замяніць у Будславе шматгадовага пастыра? Як адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі, галоўны крытэрый, якім яны кіраваліся пры пошуку наступніка, была любоў да Маці Божай.

У выніку іх выбар спыніўся на кс. Дзмітрыі Дубовіку, які шмат разоў пешкі прайшоў шлях з Мінска да Маці Божай Будслаўскай, у тым ліку і ў якасці кіраўніка пешай пілігрымкі Мінск–Будслаў.

Той хто любіць Маці Божую, якая з бясконцай пакорай прыняла Божае Слова, каб у Яе беззаганным дзявочым улонні Яно сталася Целам, таксама развівае ў сабе марыйную цноту пакоры, неабходную для адданага пастырскага служэння сваім братам і сёстрам.

У гэты дзень у Будславе падзякавалі за служэнне таксама былому вікарыю парафіі кс. Міхалу Бубену, які скіроўваецца на далейшае святарскае служэнне ў якасці вікарыя парафіі св. Мікалая, біскупа, у мястэчку Свір таго ж самага Мядзельскага дэканату.

На заканчэнне св. Імшы новапрызначаны пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік прынёс прысягу і ў прысутнасці Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі, а таксама Мядзельскага дэкана кс. каноніка Багуслава Маджэеўскага і шматлікіх прысутных вернікаў прачытаў вызнанне веры і падпісаў адпаведны акт.

Свайму наступніку а. Віктар пажадаў, каб у яго «балела рука» ад удзялення св. Камуніі, узгадаўшы пры гэтым, як балелі ў яго самога ўсе мышцы цела падчас падрыхтоўкі і правядзення будслаўскіх фэстаў. Усяго ў якасці кусташа яму давялося арганізоўваць іх 12 разоў. Наогул жа, 16 з 18 гадоў святарства а. Віктара Бурлакі прайшлі тут, каля стопаў Маці Божай Будслаўскай.

Такім чынам, у марыйны дзень 26 жніўня, калі адзначаецца ўспамін Маці Божай Чэнстахоўскай, у Будславе была перагорнута вельмі важная і прыгожая старонка ў гісторыі Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай і мясцовай парафіі і пачала пісацца новая, якая з Божай дапамогай таксама стане зямным адлюстраваннем незямной прыгажосці Нябеснай Пані.

Мікола Гракаў , тэкст; Лізавета Грышкевіч, фота; Catholic.by

для друку для друку