Беларускія грэка-католікі моляцца за Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і аб яго вяртанні ў Беларусь

Ілюстрацыйнае фота

1 верасня 2020 г. беларускія грэка-католікі пачалі новы царкоўны год – паводле візантыйскай традыцыі. Звычайна першы тыдзень новага царкоўнага года ў грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях Беларусі гэта час малітвы ў найбольш актуальных інтэнцыях.

Такой найбольш актуальнай, хаця нечаканай, інтэнцыяй для руплівай малітвы стаў сумны факт адмаўлення ва ўездзе ў Беларусь Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу 31 жніўня 2020 г.

З блаславення Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея (Гаека), які ў гэтыя дні знаходзіцца ў Рыме, у грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях Беларусі праходзяць малітвы за Мітрапаліта Тадэвуша і за магчымасць яго хуткага вяртання да сваёй паствы на Радзіме.

Гэтая духоўная акцыя беларускіх грэка-католікаў праходзіць у поўнай салідарнасці і згодзе з Заявай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якая “выказвае надзею на тое, што адмова арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь з’яўляецца толькі прыкрым непаразуменнем, якое як найхутчэй будзе вырашана, а таксама што падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца ў будучыні”.

«Малітва мае ўсепераможную моц».

Па матэрыялах svjazep.org

для друку для друку