Беларускія грэка-католікі далучаюцца да міжканфесійнай малітвы за Блізкі Усход

На міжканфесійную малітву за Блізкі Усход і братэрскі дыялог аб вырашэнні сітуацыі ў рэгіёне Папа Францішак запрасіў у г. Бары (Італія) патрыярхаў усходніх Цэркваў Блізкага Усходу: Каталіцкіх, Праваслаўных, Дахалкідонскіх, а тасама Халэйскай і Асірыйскай Цэркваў і Апостальскага адміністратара Лацінскага Патрыярхата Ерузалема.

У суботу — 7 ліпеня 2018 г., пасля малітвы каля рэліквій св. Мікалая Мірлікійскага ў базыліцы першаіерархі працягнуць малітву з сабранымі вернікамі розных канфесій на беразе Адрыятычнага мора.

У гэтай малітве прымае ўдзел таксама Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.

Іерархі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў Еўропы на штогадовай канферэнцыі ў г. Лунгра, якая праходзіла 14-17 чэрвеня 2018 г., запрасілі вернікаў духоўна паяднацца ў малітве з Папам Францішкам. У гэтую малітоўную падтрымку ўключыліся і грэка-католікі Беларусі, пачынаючы ад свята Першавярхоўных Апосталаў Пятра і Паўля, якое адзначалася 29 чэрвеня 2018 г.

На працягу мінулых тыдняў у горадзе Бары і ва ўсёй архідыяцэзіі Бары-Бітонта былі арганізаваныя розныя малітоўныя сустрэчы вернікаў розных канфесій.

Міжканфесійная «Супольнасць Езуса» і платформа міжканфесійнага супрацоўніцтва «Synergeia pro Oriente Christiano» арганізавалі ў горадзе Бары эстафету малітвы ды дыялогу, якая праходзіла 5-6 ліпеня 2018, якую ўзначалілі архімандрыт Сяргей Гаек і англіканскі арцыбіскуп Шон Ларкін з Вялікабрытаніі.

«Мы вельмі ўдзячныя беларускім грэка-католікам за іх актыўны ўдзел у розных міжканфесійных ініцыятывах дзеля развіцця дыялогу для дабра Усходніх Цэркваў. Асабліва радуе нас удзел беларускіх грэка-католікаў у малітоўнай сустрэчы Папы Францішка і Патрыярхаў Усходніх Цэркваў Блізкага Усходу, што праходзіць у горадзе св. Мікалая — Бары ў суботу 7 ліпеня 2018 г. Дзякуй вам за гэты каштоўны знак духоўнай салідарнасці» — сказаў Старшыня «Супольнасці Езуса» прафесар Матэо Калізі.

для друку для друку