Беларускі святар прайшоў 800 кіламетраў шляхам святога Якуба

Шлях святога Якуба – самая знакамітая дарога пілігрымаў да магілы з парэшткамі апостала Якуба ў іспанскім горадзе Санцьяга-дэ-Кампастэла. Штогод мільёны вернікаў з розных куткоў свету імкнуцца прайсці гэтым шляхам.

У сённяшнім нумары беларускі святар Ян Раманоўскі, які з’яўляецца студэнтам Наварскага ўніверсітэта ў Памплоне (Іспанія), дзе вывучае філасофію, распавёў “Каталіцкаму Весніку” пра сваю пілігрымку ў Санцьяга-дэ-Кампастэла.

1

 Ксёндз Ян, раскажыце, як узнікла ідэя пайсці шляхам св. Якуба?

– Яшчэ будучы семінарыстам, я чуў, што ёсць шлях св. Якуба, па якім кожны год праходзяць тысячы пілігрымаў. Але на той момант мяне гэта не вельмі зацікавіла. Ужо будучы святаром, я аднойчы натрапіў на амерыканскі фільм “The Way” (“Шлях”), у якім бацька, даведаўшыся, што яго сын загінуў на Каміна (так называецца гэты шлях на іспанскай мове), вырашае прайсці за свайго сына гэтую дарогу. Пасля я пачаў цікавіцца тэмай, шукаць інфармацыю і заахвочваць іншых паглядзець гэты фільм. Па праўдзе кажучы, я быў гатовы прайсці яшчэ ў мінулым годзе разам з маімі сябрамі з Беларусі, нават купіў білеты на самалёт, аднак трэба было пакінуць гэтую ідэю і рыхтавацца да выезду на вучобу ў Іспанію. Аднак думка пра падарожжа не пакідала мяне, тым больш што праз універсітэцкі кампус (гарадок) і праходзіць названы шлях. Пасля экзаменаў я ўзяў заплечнік і рушыў у Санцьяга-дэ-Кампастэла.

– З якой мэтай Вы пайшлі ў Санцьяга?

– На Каміна можна сустрэць вельмі многа людзей з розных куткоў свету і, на жаль, большая колькасць з іх не ідзе з рэлігійнымі намерамі, але для спорту, турызму. Я ад самага пачатку ведаў, што маё паломніцтва будзе злучана з малітвай. Я выйшаў, каб падзякаваць Богу за ўсё тое, што атрымаў да гэтага моманту ў сваім жыцці, падзякаваць за здадзеныя экзамены і памаліцца ў розных інтэнцыях, якіх у мяне набралася вельмі шмат і ў якіх мяне прасілі маліцца таксама іншыя.

– Што патрэбна для таго, каб выбрацца ў такое паломніцтва?

– Напэўна, у першую чаргу, жаданне і адвага. Але таксама фізічная падрыхтоўка, бо сапраўды: прайсці гэты шлях не так проста. Я, напрыклад, у суме адолеў 797 км. Не малаважнай з’яўляецца таксама матэрыяльная база, але скажу праўду: у гэтым плане на Каміна здараюцца цуды, і я меў магчымасць адчуць гэта на сабе.

12

–Да Санцьяга ёсць некалькі шляхоў. Які Вы абралі і чаму?

– Я абраў французскі шлях, які з’яўляецца самым папулярным, але не толькі з такой прычыны. Гэты шлях праходзіць праз Памплону, горад, дзе я навучаюся. Кожны дзень па дарозе ва ўніверсітэт я сустракаў пілігрымаў і жадаў ім Buen Camino (добрай дарогі), а сам думаў, каб хутчэй ужо настаў той момант, калі і я змагу быць на іх месцы. Французскі шлях якраз пачынаецца ў невялікім гарадку Сэн-Жан-Пье-дэ-Пор, які знаходзіцца за 70 кіламетраў ад Памплоны, дзе я навучаюся. Я быў таксама абмежаваны часам, таму вырашыў пачаць свой шлях, можна сказаць, ад парога свайго дома.

5

– А як выглядаў Ваш дзень?

– Кожны дзень выглядаў амаль аднолькава. А 6-й гадзіне пад’ём, сняданне. Часам трэба было выходзіць і не паснедаўшы. Невялікія прывалы, таму што ў першай палове дня ісці лягчэй, бо не так горача. Калі была магчымасць, то затрымліваўся на абед, і пасля зноў у дарогу. Звычайна на месца начлегу я прыходзіў каля 15-16-й гадзіны, а затым адпачынак, размовы з іншымі пілігрымамі. Часам таксама быў агляд горада ці вёскі, дзе я затрымліваўся на начлег.

 – Якія новыя знаёмствы ў Вас з’явіліся?

– На гэтым шляху сустракаеш шмат пілігрымаў з розных краін, якія размаўляюць на розных мовах. Некаторыя з іх ідуць з рэлігійнымі мэтамі, некаторыя – як турысты. Нават здаралася сустрэць людзей, якія да канца не ведаюць, навошта яны ідуць. Кожны дзень новыя людзі і магчымасць размовы з імі. Не магу сказаць, што я знайшоў шмат новых знаёмых, таму што многіх з гэтых людзей менавіта на Каміна бачыш першы і апошні раз у сваім жыцці, аднак і такія сустрэчы вельмі ўзбагачаюць. З’явіліся і такія знаёмствы, дзе мы абмяняліся кантактамі, і маю надзею, што, можа, яшчэ будзе нагода сустрэцца з гэтымі людзьмі. Таксама на шляху сустрэў адну сваю знаёмую з Масквы, з якой пазнаёміліся падчас Сусветных дзён моладзі ў Бразіліі тры гады таму.

– Як выглядала штодзённая малітва на шляху?

– Заўсёды я стараўся затрымацца на начлег у населеным пункце, дзе ёсць касцёл і магчымасць удзельнічаць у святой Імшы. Для кожнага хрысціяніна Імша з’яўляецца найважнейшым момантам, а тым больш для святара. На жаль, не заўсёды гэта было магчыма, таму што ў Іспаніі ў многіх дыяцэзіях не хапае святароў, а Імша ў некаторых вёсках бывае толькі ў нядзелю. Звычайна на працягу ўсяго дня я маліўся на ружанцы ў розных інтэнцыях, у якіх мяне прасілі маліцца.

– Якія рэчы, ідучы ў Санцьяга, трэба браць з сабой?

– Думаю, што гэтае пытанне адно з самых важных. У першую чаргу, трэба мець добры заплечнік, добры абутак, спальнік, плашч і патрэбную вопратку. Але лепш за ўсё не браць з сабой шмат рэчаў, таму што ўсё гэта пілігрым нясе на сабе, і праз некалькі дзён цяжар заплечніка дае пра сябе ведаць. Напрыклад, многія пілігрымы па дарозе пакідаюць некаторыя рэчы, каб было лягчэй.

4

– З якімі найбольшымі цяжкасцямі Вы сутыкнуліся на шляху?

– Хіба што найбольшай цяжкасцю было тое, што я не ўгадаў з абуткам і трэба было яго змяніць. Таксама фізічныя праблемы: невыносны боль пяткі, крывавыя мазалі. Або, напрыклад, зменлівае надвор’е ў Галіцым, калі на працягу 4 дзён ідзе дождж і ўжо раніцай ты ўвесь мокры, не зважаючы на тое, што маеш плашч. Таксама ў пэўным моманце я быў перакананы, што не дайду, бо сапраўды было цяжка, але нездарма кажуць, што Каміна гэта месца, дзе адбываюцца цуды (усміхаецца).

– Ці можна заблудзіцца па дарозе?

– На Каміна многа знакаў, ёсць жоўтыя стрэлкі, таксама ракавінкі св. Якуба, якія паказваюць, куды ісці, дзе павярнуць. Таму праблем з гэтым не павінна быць. Аднак, на жаль, здараюцца і такія сітуацыі, што некаторыя могуць заблудзіцца, калі не звяртаюць увагі на гэтыя абазначэнні або забываюць пра іх.

3

– Ці абавязкова патрэбна ведаць замежныя мовы?

– Веданне замежнай мовы на гэтым шляху вельмі дапамагае. Нават калі нехта не ведае іспанскай мовы, можа таксама карыстацца англійскай. Бо бываюць розныя сітуацыі… Нават мінімальнае валоданне замежнай мовай можа вельмі дапамагчы. А што ўжо казаць, калі мы хочам паразмаўляць з іншымі пілігрымамі, падзяліцца досведам свайго пілігрымавання. Для мяне гэты шлях быў пацвярджэннем таго, што валоданне замежнай мовай адкрывае новыя гарызонты і з’яўляецца магчымасцю яшчэ большага ўзбагачэння.

– Ксёндз Ян, што Вас найбольш уразіла ў дарозе?

– Тое, што ты адчуваеш на Каміна, нельга перадаць словамі, гэта трэба перажыць! Перажыць і адчуць гэтую цішыню, калі ты ідзеш адзін. Таксама прыгажосць і малітоўная атмасфера ў многіх касцёлах, якія бачылі шмат паломнікаў на працягу многіх вякоў. Напрыклад, у адной вёсцы знаходзіцца касцёл IX стагоддзя. Калі ўваходзіш у яго, то адразу адчуваеш гэтую малітоўную атмасферу і супакой, якія цябе пранізваюць.

Цікава тое, што адчуваеш сябе бяспечна. Нават была такая сітуацыя, што ўжо на пачатку дня я сустрэў падпітых іспанцаў, якія, аднак, былі вельмі ветлівыя і выказвалі сваю павагу да тых, хто ідзе гэтым шляхам.

– Чаму Вас навучыў гэты шлях?

– Я лічу, што гэты шлях яшчэ больш умацаваў маю веру і давер да Пана Бога праз розныя цікавыя сітуацыі, якія мне давялося перажыць падчас Каміна. Яшчэ больш я адчуў радасць са сваёй святарскай паслугі, калі мог некалькі разоў паспавядаць у дарозе людзей, якія мяне прасілі. Мне здаецца, што гэты шлях вучыць дыскрэтнасці, пакоры, вучыць цаніць цішыню, асабліва калі ты ідзеш адзін і маеш шмат часу на малітву, на індывідуальную размову з Богам. Падчас гэтага паломніцтва яшчэ больш разумееш, што ўсе мы ў жыцці пілігрымы. Нашае жыццё – гэта паломніцтва да нябеснай Айчыны, і калі мы дойдзем да гэтай мэты, то зразумеем значэнне і сэнс усяго таго, што перажываем у нашым жыцці, гэтых радасных, але таксама цяжкіх і балючых момантаў.

8

– Што адчуваеш, калі даходзіш да мэты?

– У першую чаргу, радасць, але, з іншага боку, смутак, што гэтая пілігрымка ўжо заканчваецца і трэба вяртацца да сваіх штодзённых абавязкаў і спраў. Цікава, што падчас шляху ты быццам пераносішся ў іншую рэчаіснасць, забываеш пра розныя клопаты, праблемы, пра шэрую штодзённасць. Але ўсё ж цяжка перадаць гэтае перажыванне, той момант, калі пілігрым стаіць перад мэтай свайго паломніцтва. І ў гэтыя хвіліны разумееш, што, нягледзячы на цяжкасці падчас паломніцтва, на сонца, якое пячэ бязлітасна, на дождж, які можа ісці на працягу некалькі дзён, на мазалі і боль у нагах, варта прайсці гэты шлях.

Яшчэ пасля Санцьяга я рушыў у кірунку Фіністэры (канец свету або край зямлі), дзе па традыцыі заканчваецца шлях св. Якуба, дзе пачынаецца акіян і дзе заканчвалі сваё паломніцтва пілігрымы на працягу многіх стагоддзяў.

Я лічу, што толькі той, хто ідзе, можа зразумець усю таямніцу гэтага шляху. Гэта трэба проста перажыць. І я маю надзею, што яшчэ вярнуся на шлях св. Якуба!

Гутарыла Ірына Грэйць

для друку для друку