Беларускі дыякан у Камеруне, або Як выглядае штодзённасць місіянера?

kamerun2З невялікім заплечнікам асабістых рэчаў і з дзвюма вялікімі сумкамі падарункаў для дзяцей дыякан Анджэй Ганчар прыляцеў у горад Яўндэ, сталіцу Камеруна. Тут ён будзе на працягу года аказваць дапамогу ў дзіцячым прытулку.

Аб пачатку свайго служэння ў Афрыцы дыякан распавёў “Каталіцкаму Весніку”.

 – Сярод падарункаў, якія я прывёз для дзяцей ёсць адзенне, абутак, сшыткі, алоўкі, і 25 кг гаспадарчага мыла. Усё гэта сабрана дзякуючы Вам, дарагія браты і сёстры! Я вельмі ўдзячны Богу за Ваша адкрытае сэрца для тых, хто мае патрэбу, – дзякуе дыякан на пачатку размовы чытачам “Каталіцкага Весніка” і тым вернікам, што аказалі фінансавую дапамогу.

– У нас больш тыдня не было святла. Перарэзалі правады. Прыходзілася жыць без святла. Айцец Дарыюш падключыў генератар, які пасля 2 дзён выйшаў са строю і сам аўтаматычна пераключыўся 480v. Усё што было падключана да сеткі – згарэла.  Я хачу падзякаваць таксама ўсім святарам, якім напісаў пра гэтае здарэнне ў нашым доме, за матэрыяльную дапамогу і малітоўную падтрымку, – дадае дк. Анджэй.

 – Якія першыя ўражані ад сустрэчы з Камерунам? – пытаюся ў дыякана.

– Палёт у Яўндэ, сталіцу Камеруна, доўжыўся каля 10-ці гадзін. Гэта незабыўныя краявіды, асабліва дзве гадзіны над Сахарай. Ад аэрапорта да дзіцячага дома каля 15 хвілін трэба ехаць на машыне. Дабраліся. Перад намі адкрываюцца вялізныя жалезныя вароты.

Уражанні ад сустрэчы не перадаць словамі: смех, крык, танцы. Усе на мяне кінуліся. Такое адчуванне, што я з імі тут вырас, а некаторы час проста адсутнічаў.

Пасля таго як разгрузілі машыну, мяне адразу пачаставалі вячэрай з бананаў і кашы з лісця.  Супер, праўда ўся кухня вельмі вострая. Затым танцы,  дыскатэка да пяці раніцы, не гледзячы на тое, што пад’ём быў у шэсць. На наступную раніцу ног і рук не адчуваеш. Дзень пачаўся са святой Імшы, затым сняданне і разнарадка дня. Усё як у войску! Айцец Дарыюш Гадава, які кіруе дзіцячым домам, паказаў мне мой пакой, расказаў аб законах і правілах.

– А як выглядае звычайны дзень?

kamerun3

Дзеці мыюць сваё адзенне

– Кожны дзень я ўстаю у 4.30. Дзеці ўстаюць у 4. У кожага ёсць свае абавязкі: хто мыццём займаецца, хто дровы нарыхтоўвае, хто трусоў і галубоў корміць, мыюць падлогу. Усё робяць самі дзеці, як старэйшыя, так і малодшыя. У 6 гадзін раніцы святая Імша для ўсяго дзіцячага дома. На ёй усе абавязаны прысутнічаць. Затым дзеці збіраюць заплечнікі і выходзяць у школу. Вельмі цікава назіраць як старэйшыя збіраюць сярэдніх, а сярэднія збіраюць у школу зусім малых. Ва ўсіх ёсць школьная форма. У кожнай школы свой колер формы, а часам яе выдаюць не па памеры дзіцяці.

Пасля таго як дзеткі адправяцца ў школу, для нас з а. Дарыюшам ёсць сціплы сняданак: 2 яйкі, хлеб і гарбата. Абеду няма,  толькі сняданак і вячэра. Падчас сняданку вырашаем, што сёння трэба зрабіць: то агароджу для бананаў, то іншай фізічнай працы хапае.

kamerun7

Каля 15-ай гадзіны са школы прыходзяць дзеці. Яны адразу ж мыюць рукамі сваю школьную форму гаспадарчым мылам, некаторыя пасля мыцця таксама ў гэтай вадзе і купаюцца. Пасля кожнае дзіця глядзіць, што трэба яшчэ зрабіць.

– А што калі дзеці не слухаюцца? – цікаўлюся.

Дзеці стараюцца выконваць свае абавязкі, бо ведаюць, што за непаслухмянасць або за нявыкананую працу атрымаюць пакаранне. Але не такое, што даюць нашы бацькі дзецям: забіраюць тэлефон або не дазваляюць глядзець тэлевізар. Часам пакаранне можа выглядаць вельмі сурова.

Напрыклад некалькі гадзін трэба стаяць на каленях, у руках трымаючы лісток з малітвай, якую пасля адбыцця свайго пакарання дзіця абавязана расказаць на памяць. Калі не – стаіць далей.

Айцец Дарыюш гаворыць, што па-іншаму не навучыш. А пасля гэтага яны айцу яшчэ і дзякуюць. Айцец вельмі сочыць за выхаваннем. Ён для дзяцей як маці і як бацька.

– А чым канкрэтна Вы займаецеся?

Дк. Анджэй падчас св. Імшы

Дк. Анджэй падчас св. Імшы

– Мая функцыя як дыякана – служыць пры алтары. Таксама айцец паставіў мяне адказным за хворых дзяцей.  Прынёс мне лекі і гаворыць: “Інструкцыі па ўжыванні на французскай мове, чытай, вучыся і лячы”, – і смяецца. У апошні час вельмі шмат дзетак хварэе.

– Ужо больш за месяц Вы выконваеце валанцёрскую паслугу ў Камеруне. Чаму Вас вучыць гэтае служэнне?

– Шмат хто задае мне пытанне: “Што ты там робіш? Загараеш?” Ведаеце, для мяне гэта новы этап у маім жыцці, які Бог для мяне падрыхтаваў. Missio (ад лац. – пасылка, даручэнне). Місіянер – гэта воін на перадавой, які прадстаўляе інтарэсы Госпада і гатовы рабіць усё: купаць брудных дзяцей, мыць прыбіральні, капаць, будаваць, карміць, лячыць і рабіць усю руцінную працу, як для Госпада, каб паказаць прыклад іншым, нават калі не ведаеш дасканала французскай мовы (усміхаецца). Я шчаслівы, што я тут, што магу служыць гэтым людзям.

Тут я сустракаюся са сваімі слабасцямі і таксама тут я вучуся пакоры, цярплівасці, міласэрнасці і проста вучуся радавацца кожнаму пражытаму дню.

Я ўдзячны Богу за тых, хто моліцца за місію, місіянераў, хто дапамагае матэрыяльна.  І нават гледзячы на фота, мы не адчуем таго, што перажываюць тут людзі, якія часта не маюць што з’есці ці нават адкуль узяць ваду. Але яны ўсе ўдзячныя Богу за кожны дзень. І гэтаму нам таксама трэба вучыцца.

Гутарыла Ірына Радзевіч

Ад рэдакцыі

Дарагія чытачы! Тыя з вас, хто хоча дапамагчы беларускаму семінарысту на місіі ў Камеруне, могуць гэта зрабіць, склаўшы ахвяраванне ў любым банку:

Inteligo — Dariusz Godawa — 50 1020 5558 1111 1209 2800 0024
Platanowa 10/7
61-447 Poznan
Kod BIC (swift) banku Inteligo: BPKOPLPW
numer rachunku Inteligo w formacie IBAN: PL50102055581111120928000024
adres banku:
Powszechna Kasa Oszczędności Bank Polski SA z siedzibą w Warszawie ,
ul. Puławska 15, 02-515 Warszawa

для друку для друку