Беларуская манахіня на місіі ў Аўстраліі

Беларуская сястра Паўла Волчак CSFN з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта знаходзіцца ў аўстралійскім Сіднэі на місійнай працы. У інтэрв’ю манахіня распавядае “Каталіцкаму Весніку” пра сваё жыццё на Зялёным кантыненце.

— Сястра Паўла, колькі часу Вы знаходзіцеся ў Аўстраліі?

— Я жыву і працую ў Аўстраліі ўжо тры гады.

— Якія ў Вас агульныя ўражанні?

— Вельмі цікавая краіна і па-свойму прыгожая. Тут усё наадварот. У Беларусі цяпер пачынаецца вясна, а тут – восень. Калі Вы кладзяцеся спаць, я ўжо ўстаю, бо калі ў вас ноч, у нас – дзень. У гэтай краіне экзатычная для беларусаў фаўна. Тут жывуць кенгуру, і некаторыя беларусы думаюць, што яны спакойна скачуць па вуліцах. Але гэта не так. Каля вёскі іх можна пабачыць, але не ў горадзе. Мне вельмі падабаюцца каалы, якіх можна нават пагладзіць.

3

— А ці ведаюць пра Беларусь у Аўстраліі?

— Аўстралія – шматканфесійная і шматнацыянальная. Калі чуюць акцэнт, у мяне часам часам патаюцца: “А ты адкуль? У цябе іншы акцэнт”. І далей ідзе пытанне: “А дзе гэта, Беларусь?” Некаторыя ведаюць нашых спартсменаў. І тады гучыць: “А-а, Вікторыя Азаранка!”

— А як там з моўнай сітуацыяй?

— Кожны стараецца зразумець адзін аднаго. Таму на англійскую мову з акцэнтам стараюцца не звяртаць ўвагі. Усе малітвы ў нашай парафіі праводзяць на англійскай мове, аднак у доме састарэлых – на польскай. Раз на год у парафіі арганізоўваюць National Day. Тады падчас святой Імшы чытанні адбываюцца на іншых мовах. Людзі прыходзяць у нацыянальных касцюмах, а пасля кожны частуе сваімі нацыянальнымі стравамі. Я таксама гатую беларускую нацыянальную ежу ў манастыры. У нашай парафіі іспанцы і в’етнамцы раз на тыдзень удзельнічаюць у Імшы на сваёй мове.

1

Сястра Паўла з моладдзю на сустрэчы ў Адэлаідзе

— Раскажыце пра сваю штодзённую дзейнасць?

— Я працую ў каталіцкай школе “Добрага Пастыра” у Плямптоме, у адным з мікрараёнаў Сіднэя. Школа каталіцкая, але вучацца тут дзеці розных канфесій. Яны разам моляцца, гуляюць, і канфесійная прыналежнасць ім не перашкаджае, што для сучаснага свету вельмі важна. Я з’яўляюся духоўным апекуном для дзяцей і іх бацькоў. Два дні працую ў доме састарэлых. Гэты дом быў створаны для польскіх эмігрантаў, але ў ім шмат людзей іншых нацыянальнасцей.

— Як аўстралійцы сёлета перажываюць Юбiлейны Год Мiласэрнасці?

— Юбілейны Год Міласэрнасці для кожнага католіка вельмі важны, таму многія аўстралійскія вернікі практыкуюць святы час: а 15.00 моляцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці. У кожнай парафіі святар арганізоўвае асаблівыя малітвы або малітоўныя групы, дзе разам разважаюць і моляцца. Шматлікія свецкія католікі едуць на нядзельныя рэкалекцыі ў манастыры, маючы сваіх духоўных кіраўнікоў. Такая практыка папулярная не толькі сёлета.

Таксама ў гэтым годзе аўстралійская моладзь збіраецца на Сусветныя дні моладзі ў Кракаў. Падобны выезд для іх асаблівы. Аднак не ўсе сабе могуць дазволіць, бо далёка і дорага. Але кожны стараецца будучым пілігрымам нечым дапамагчы. Гэта паломніцтва яны вельмі цэняць, бо Польшча – радзіма св. Яна Паўла II і св. Фаўстыны.

6

 Сястра Паўла з моладдзю на сустрэчы ў Адэлаідзе

— Якія асаблівасці святкавання Вялікадня ў Аўстраліі?

— Вялікдзень святкуецца падобна. Хаця для аўстралійцаў Вялікая Пятніца – на самай справе Вялікая. Гэта дзяржаўны выхадны дзень, усё зачынена. А 15-й гадзіне хрысціяне збіраюцца на Літургію. У Папяльцовую сераду галаву не пасыпаюць попелам. Святар попелам пазначае знакам крыжа ілбы вернікаў. І ўсе ходзяць увесь дзень з гэтым знакам.

— А якія Вашыя пажаданні з нагоды велікодных святаў?

— Хацела б павіншаваць усіх беларускіх вернікаў са святам Вялікадня і пажадаць моцнай веры ў Божую Міласэрнасць. А ўсе, хто знаходзіцца перад выбарам жыццёвага шляху, – не бойцеся адказаць Госпаду “так”! Ён моцна нас любіць і ахвяраваў жыццё за нас! Не бойцеся. Ідзіце за Яго голасам. Ён дасць сілы і неабходныя ласкі.

Гутарыла Ірына Грэйць

для друку для друку