Беларуская Грэка-каталіцкая царква прыме ўдзел у сустрэчы біскупаў усходніх цэркваў Еўропы

У Італіі збяруцца прадстаўнікі 12-ці ўсходніх каталіцкіх цэркваў кантынента.

Сустрэча біскупаў усходніх каталіцкіх цэркваў Еўропы адбудзецца 14-17 чэрвеня ў Італіі. Форум у горадзе Лунгра збярэ біскупаў і духавенства — прадстаўнікоў 12-ці ўсходніх каталіцкіх цэркваў Еўропы, а таксама гасцей з Ватыкана, паведамілі ў Радзе еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый.

Сярод удзельнікаў — прадстаўнікі Беларускай, Чэшскай, Казахстанскай, Украінскай, Венгерскай грэка-каталіцкай цэркваў, а таксама Армянскай і іншых цэркваў Еўропы.

Ва ўлонні Каталіцкай Царквы існуюць Памесныя Цэрквы, якія знаходзяцца ў поўнай еднасці з Рымскім Касцёлам, але якія адрозніваюцца ад лацінскай Каталіцкай Царквы рознымі формамі літургічнага культу і народнай пабожнасці, сакраментальнай і кананічнай дысцыплінамі, тэрміналогіяй і багаслоўскімі традыцыямі.

Першая сустрэча біскупаў усходніх каталіцкіх цэркваў Еўропы адбылася ў 1997 годзе. Пачынаючы з 2009 года гэтыя сустрэчы праходзяць пад патранатам Рады еўрапейскіх біскупскіх канферэнцый.

Грэка-каталіцкая царква Беларусі налічвае каля 20 парафій і да 10 тысяч вернікаў. Кіраўніцтва штодзённым жыццём Царквы ажыццяўляе Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

katolik.life

для друку для друку