Беларуска сустрэлася з Папам Францішкам і падарыла яму незвычайны сувенір

“Калі Папа падышоў да нас, я сказала яму па-італьянску: “Беларусь любіць Папу”!

Каталіцкая верніца з Гродна Алена Пацько нядаўна пабывала ў Ватыкане, дзе патрапіла на аўдыенцыю да Папы Рымскага. Беларуска выйшла замуж у Італіі і даведалася пра магчымасць для маладых атрымаць дабраславенне ад Папы Францішка. Спецыяльныя аўдыенцыі для маладых сужэнцаў праходзяць у Ватыкане па серадах, іх графік ёсць на сайце Ватыкана.

– Нявеста павінна быць у белай сукенцы, не абавязкова вясельнай, а жаніх у гарнітуры. Аўдыенцыя праходзіла на плошчы Святога Пятра. Маладыя сядзелі ў асобным сектары побач з базылікай. Было шмат сужэнцаў з розных краін, некалькі пар з Польшчы. Побач з намі стаяла пара з ЗША, яны і зрабілі нам фота, – распавядае Алена.

Яна прызналася, што “прарвалася” да Папы, каб перадаць яму падарунак і сказаць некалькі словаў.

– Нявесты стаялі наперадзе, а жаніхі за намі. Папа быў так блізка, нават не верылася. Такі жывы, энергічны, усім усміхаўся! Калі Папа падышоў да нас, я сказала яму па-італьянску: “Беларусь любіць Папу”. Ён паглядзеў на мяне і сказаў: “О, Беларусь”. І потым я перадала яму падарунак – сувенір “Беларускія маладыя”. Гэта лялькі з лёну. Мне падалося, што Папу спадабалася. А потым ён дабраславіў нашу сям’ю. Гэта такое шчасце! Столькі эмоцый! – кажа Алена. – Хвала Пану за такую магчымасць і такое дабраславенне!

Katolik.life

для друку для друку