Беларусь у “святых” гербах:– Янаў

Гэтая мясцовасць стала славутай для нас, католікоў, па прычыне трагічнай смерці вялікага місіянера Палесся св. Андрэя Баболі. Менавіта там святар-езуіт пасля жорсткіх катаванняў і здзекаў атрымаў вянец мучаніка за веру.

Пошукі на карце мясцовасці Янаў не прывядуць нас да паспяховых вынікаў. Калі будзем пільнымі, знойдзем у Брэсцкай вобласці раённы цэнтр Іванава з насельніцтвам каля 16 тысяч чалавек. Гэта і ёсць колішні Янаў, які сваю гістарычную назву насіў да 1940 г., калі і быў пераназваны бальшавіцкай уладай на рускі лад – Іванавам.

Янаў ніколі не меў Магдэбургскага права, таму таксама не меў і гістарычнага герба. Хаця і карыстаўся гербам свайго колішняга гаспадара, біскупа Яна Ласовіча. Сённяшні герб Іванава – гэта новаўтварэнне з 2011 г. Герб цікавы для нас тым, што на ім ёсць выява хрысціянскага храма. Па крыжах на вежах можам вызначыць, што гэта праваслаўная царква. І сапраўды, у цэнтры горада стаіць царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы, пабудаваная ў 1901 г. У праектах герба, распрацаваных для Янава  Андрэем Шпунтом, было больш зваротаў да каталіцкай гісторыі мясцовасці, але, на жаль, яны не браліся пад увагу.

І выява царквы, і падкова сімвалізуюць цікавую гістарычную з’яву – працу па збіранні ахвяраванняў на рамонт і будову храмаў людзьмі, якіх звалі “лáбары”. Гэта былі жыхары Янава, у большасці праваслаўныя, якія карысталіся прывілеямі ў падатках. Плацілі менш чым іншыя, таму мелі нашмат больш вольнага часу і прыдумалі, як яго выкарыстоўваць. Жабравалі, збіраючы сродкі для цэркваў, не грэбуючы прымаць у ахвяру не толькі грошы. Даследчыкі зазначаюць, што у сваіх падарожжах лáбары праходзілі неймаверныя адлегласці, таму былі вядомыя на тэрыторыях ад Балтыйскага мора да Чорнага. Іх паслугамі ахвотна карысталіся настаяцелі праваслаўных храмаў.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку