Беларусь у “святых” гербах: Шарашова

Герб Шарашова для звычайнага чалавека мае ў сабе дзве загадкі. Гэта, безумоўна, пытанне пра выяву святога, але таксама і пытанне з яшчэ большай інтрыгай: як на выяву беларускай мясцовасці трапіла пальма?

Пальма, якую бачым на гербе Шарашова, не звязана з нейкай адметнасцю гэтай мясцовасці. Жыхары названага мястэчка ні раней, ні сёння не займаліся і не займаюцца вырошчваннем бананаў або іншых трапічных фруктаў. Ды і гістарычныя крыніцы не згадваюць пра нейкую незвычайную аранжарэю з заморскімі раслінамі. Пальма, не тыповая для нашага паўночнага клімату, з’яўляецца часткай мастацкага сюжэта, каб мы маглі распазнаць святога. Хаця, калі быць шчырым, то гэтая дэталь больш блытае, чым дапамагае. Бо на якую краіну яна паказвае? Адразу можна прыдумаць прынамсі некалькі варыянтаў.

У сучаснай версіі герба з 1998 г. цяжка вызначыць, хто з’яўляецца апекуном мясцовасці. І сама постаць, і атрыбуты не выступаюць дастатковай падказкай. Белая лілея ў руцэ сустракаецца ў выявах шматлікіх святых. Адзенне, падобнае да літургічнай вопраткі дыякана, можа толькі нас яшчэ больш заблытаць. Практычна можна толькі здагадвацца, хто перад намі.

У дакуменце з 1792 года, які вяртаў гарадскія правы Шарашову, ёсць і выява герба з апісаннем, каторае падкрэслівае, што гэта святы Арханёл Габрыэль. Постаць знаёмая кожнаму хрысціяніну, які ўважліва чытае Новы Запавет. Найчасцей на абразах Арханёл Габрыэль быў маляваны ў сцэне Звеставання Марыі. Яго неадлучаным атрыбутам была лілея, але яшчэ таксама і крылы анёла. Вельмі часта на абразах каталіцкай традыцыі Габрыэль трымае ў руках разгорнуты світак з надпісам на лацінскай мове “Ave Maria”або “Ave Maria gratiaplena”, што перакладаецца як“Вітай Марыя” або “Вітай Марыя, поўная ласкі”.

Калі прыгледзецца да старадаўняй гарадской пячаткі Шарашова, то мы ўбачым, што постаць на ёй сапраўды мае крылы.

Цікава, што выканаўца герба з 1792 года не выкарыстаў кананічных для таго часу элементаў, каб зрабіць постаць Габрыэля больш выразнай, пазнавальнай. Пальма нібыта мела заданне перанесці нас у Святую Зямлю, дзе адбылося Звеставанне, але ў нас яна асацыюецца найперш з Егіптам, з пустыняй, з аазісам. Якія б ні былі матывацыі аўтара герба, пальма захавалася да сёння як доказ творчай адважнасці мастака.

а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку