Беларусь у “святых” гербах: Навагрудак і Шуміліна

Пасля апісання герба Шарашова з галоўным героем св. арханёлам Габрыэлем немагчыма прамаўчаць пра вельмі папулярнага ў геральдыцы арханёла Міхала. Ён стаў апекуном такіх гарадоў, як Кіеў, Івана-Франкоўск, Смаленск, Бяла-Падляска, шэрагу нямецкіх гарадоў, а таксама з’явіўся на гербах населеных пунктаў нашай Бацькаўшчыны: Навагрудка і Шуміліна.

Навагрудак на сваім гербе меў постаць анёла ўжо ў 16 ст. Сёння немагчыма адказаць станоўча, што гэта быў арханёл Міхал. Але Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонт Ваза ў 1595 годзе, надаючы новы герб Навагрудку, выразна падкрэслівае, што постаць на гербе – гэта менавіта князь анёльскага войска арханёл Міхал.

Шуміліна свой герб атрымала нядаўна, можна сказаць, у спадчыну ад суседняй вёскі Сіроціна, якая свой герб мела ўжо ў 17 ст. Гэта вёска калісьці належала пану Урбану Антонію Грэбніцкаму. Таму тут бачым таксама панскі радавы герб “Астоя”.

Найчасцей арханёл Міхал на гербах паказаны ваяром, салдатам, змагаром. У яго руцэ амаль заўсёды меч, адзеннем з’яўляюцца рыцарскія латы. На шумілінскім гербе арханёл яшчэ больш сур’ёзна ўзброены і мае шчыт. Гэтая вайсковая традыцыя не што іншае, як рэха апісанага ў Адкрыцці Св. Яна Апостала змагання арханёла са старадаўнім змеем, у якім бачылі д’ябла, сатану, Люцыфера. Па традыцыі арханёл Міхал кінуўся ў змаганне з Люцыферам і яго ўзбунтаванымі анёламі з воклічам “Хто, як Бог!”. Дарэчы, з габрэйскай мовы Міхал так даслоўна і тлумачыцца. У адрозненні ад навагрудскага герба гэты змей, або інакш таксама дракон, паказаны на гербе Шуміліна.

На абодвух гербах Міхал трымае амаль што абавязковы атрыбут для сябе – шалі.

Арханёлу Міхалу прыпісвалі ролю правадніка чалавека на суд Божы. Звычайна ён стаіць з шалямі каля чалавека, які канае, каб узважыць яго добрыя і дрэнныя ўчынкі. Можа, таму арханёл Міхал з’яўляецца і апекуном могілак.

а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку