Беларусь у “святых” гербах: Гродна

Нездарма Уладзімір Караткевіч месцам разгортвання асноўных падзей аднаго з найбольш вядомых сваіх твораў – рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – абраў менавіта гэты горад. Хрыстос у Беларусі мог “прызямліцца” толькі ў Гародні. Менавіта яна як адзін з першых гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі атрымала Магдэбургскае права (у 1391 няпоўнае, а ў 1444 поўнае), мела вялікую колькасць каталіцкіх і праваслаўных храмаў і заслужыла права на хрысціянскі герб.

У савецкія часы ўлада як агню баялася ўсяго, што нагадвала пра хрысціянскую веру. Таму ў 1988 г. падчас святкавання юбілею Гродна на выдадзеных значках старажытны герб пазбавілі сваёй адметнасці – залатога крыжа між рагамі аленя. Канешне, алень быў адной з найбольш распаўсюджаных жывёлаў у навакольных лясах. На аленя сапраўды палявалі часта. Пра гэта сведчаць археалагічныя даследаванні: больш за дваццаць пяць працэнтаў знойдзеных костак дзікіх жывёл – гэта менавіта косткі аленяў. Але не аленя ўладары Вялікага Княства, а пазней і Рэчы Паспалітай абралі апекуном горада. І менавіта крыж тлумачыць, які святы здаўна апякуецца месцічамі.

Алень с залатым крыжам быў вядомым сімвалам святога Губерта. Губерт у маладосці – гэта чалавек дастаткова павярхоўнай веры і не найлепшы прыклад святога жыцця. Аматар палявання, ён ведаў усе пушчы і лясы ў Ардэнах.

Але аднойчы ў выніку неймавернай буры Губерт згубіўся ў лесе. У адчаі памаліўся і ўбачыў незвычайную з’яву: аленя з залатым крыжам паміж рагамі, які загадаў яму ісці да мясцовага біскупа. Гэтае перажыванне было настолькі шакавальным, што Губерт распачынае глыбокае духоўнае жыццё: прымае святарства, а пазней і біскупства. Ён стаў нястомным місіянерам, які адведвае у якасці пастыра паганскія вёскі і мястэчкі.

Губерт найбольш вядомы як апякун паляўнічых і леснікоў. Але перадусім яго называюць апекуном духоўнай перамены чалавека.

На гербе алень пераскоквае праз нешта, што нагадвае агароджу. Гэта сапраўды сімвал добрай умацаванасці горада. Сама назва “Гродна”, а раней “Гародня”, “Гарадзень” аднакаранёвая са словамі “гарадзіць”, “абгароджваць”.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку