Беларусь у “святых” гербах: Геранёны

Сёння Геранёны не выклікаюць нашай надзвычайнай увагі – ну так, яшчэ адзін аграгарадок на Гродзеншчыне. Не выклікаюць захаплення і рэшткі колішняга замка, амаль што схаваныя ад вачэй жыхароў і турыстаў у кустоўі. Але лунае тут дух старажытнага мястэчка, якое мае сваю цікавую гісторыю і, безумоўна, не менш цікавы герб.

Наданне Магдэбургскага права Геранёнам датуецца 1792 г. Хаця паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, і права, і герб Геранёны атрымалі ўжо ў 1630 годзе. З гэтай мясцовасцю звязана адна вельмі прыгожая і рамантычная гісторыя. У 1543 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст гасціў у Геранёнах. Апрача іншых спраў, яму трэба было вырашыць, хто будзе ўладальнікам гэтай мясцовасці пасля смерці апошняга Гаштольда, які не пакінуў нашчадкаў. Менавіта там, у Геранёнскім замку, Жыгімонт захапіўся гаспадыняй Барбарай Радзівіл. Сказаць, што гэта была прыгожая жанчына, – гэта значыць, нічога не сказаць. Нават тагачасныя партрэты здолелі з фатаграфічнай дакладнасцю перадаць незвычайнае хараство Барбары. Так успыхнуў раман, які сучаснікі Аўгуста і Барбары назвалі “каханнем стагоддзя”.

Усё б нічога, але Аўгуст быў чалавекам жанатым, і толькі пасля смерці вельмі хваравітай жонкі змог афыцыйна пашлюбавацца з Барбарай. Аднак гэтае каханне вельмі не падабалася яго маці-каралеве, сумнавядомай італьянцы Боне Сфорцы. Пасля таго, як на вачах Барбара схуднела і памерла, многія пачалі казаць пра атручанне. Хаця даследчыкі, аналізуючы апісанне смерці, робяць выснову, што гэта проста магло быць анкалагічнае захворванне. Аўгуст так перажываў страту, што ўжо ніколі больш не жаніўся.

Сэрца, прабітае мячом на гербе Геранён, – гэта нібыта рэха таго незвычайнага кахання. Аднак здаецца, што радавод герба рэлігійны. Кожнаму католіку, які носіць на шыі медалік у гонар Маці Божай, яно геоб нагадвае выяву менавіта з медаліка. Там часта два сэрцы – Езуса і Марыі. Але на пазнейшых версіях сэрца было адно – Марыі, менавіта прабітае мячом.

Меч – гэта рэха евангельскага прароцтва Сімяона, якое казала, што душу Марыі праб’е меч пакуты. Таксама палымнелы агонь, які выходзіць з Сэрца, амаль што заўсёды бачны на абразах Езуса і Марыі, і амаль што ніколі не сустракаецца ў свецкай сімволіцы.

Айцец Андрэй Сідаровіч МІС

для друку для друку