Беларусь у “святых” гербах: Бобр

Мы не маем сёння магчымасці запытацца ў Караля Рэчы Паспалітай і Вялікага Князя Літоўскага, чаму мястэчка Бобр не атрымала ў гербе менавіта бабра? Дарэчы, дастаткова распаўсюджаную ў гербах жывёлу… І чаму апекунамі гэтага паселішча былі абраныя два рыцары ў латах? Хто яны? За што змагаліся? Якія атрымалі перамогі?

Калі рабіць высновы па выявах на гербе, то ўбачым, што дзве постаці, апранутыя ў рыцарскія латы, – гэта не звычайныя шараговыя салдаты. Кароны на іх галовах сведчаць, што гэта прадстаўнікі каралеўскай дынастыі. Больш за тое, німбы над галавой гавораць пра святасць гэтых двух ваяўнічых мужоў. Пальмавыя галінкі ў руках, безумоўна, падказваюць, што яны да ўсяго яшчэ і мучанікі! На нашых землях быў святы кароль Казімір, але ён не закончыў жыццё мучаніцкай смерцю. І нават калі адна з постацей на гербе – гэта Казімір, то хто другая?

Старажытнае апісанне герба можа нас вельмі здзівіць, бо гэта… два браты-мучанікі Барыс і Глеб! Традыцыйна яны шануюцца хрысціянамі ўсходняй традыцыі і найчасцей прадстаўленыя не ў каталіцкай, а ў праваслаўнай іканаграфіі. Менавіта ў іх гонар называюцца цэрквы і манастыры, а не касцёлы. Таму распазнаць іх у еўрапейскай рыцарскай вопратцы амаль што немагчыма.

Іх гісторыя вельмі цікавая, бо сведчыць пра сілу Евангелля, якое прынялі славянскія народы. Летапісы перадаюць, што пасля смерці Уладзіміра, кіеўскага князя, уладу захапіў яго пасынак Святаполк. Ён добра разумеў, што трэба “разабрацца” з нашчадкамі – прэтэндэнтамі на трон – Барысам і Глебам.

Паданне кажа, што ў сваёй велікадушнасці Барыс распусціў дружыну і адмовіўся ад прэтэнзій на цараванне. Аднак гэта высакароднасць не ўратавала яго ад жорсткай смерці праз падасланых забойцаў – яго закалолі дзідамі ў шатры ў часе малітвы. Глеб памёр ад рукі здрадніка, калі плыў па рацэ ў чаўне на сустрэчу са Святаполкам. Браты адразу зрабіліся сімвалам несупраціўлення злу, чым сталі падобныя да Езуса Хрыста.

Герб Бабра можна лічыць унікальным, бо ён спалучае ў сабе дзве традыцыі – каталіцкую і праваслаўную, якія стагоддзямі суіснуюць на нашай зямлі.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС

для друку для друку