Бельгійскі святар пад судом па прычыне… захавання таямніцы споведзі?

На бельгійскага святара падалі ў суд за тое, што захаваў таямніцу споведзі пенітэнта, які казаў пра свае намеры здзейсніць самагубства, паведамляе credo.pro.

15 лістапада 2017 года справа трапіла ў суд у Бруге. Чарга на яго разгляд наступіць пад канец лютага 2018 года.

У кастрычніку 2015 года айцец Аляксандр Строобандт, капелан дома састарэлых у Бруге, меў званок ад 54-гадовага Тоні Вантомма, якога ведаў ужо 20 гадоў. Мужчына, які хварэў на дэпрэсію, прызнаўся святару, што збіраецца здзейсніць самагубства. Пасля трох тэлефонных размоваў і шматлікіх смс Тоні Вантомм у рэшце рэшт пакончыў з жыццём у сябе ў гаражы.

Жанчына абвінавачвае святара ў тым, што ён нічога не зрабіў, каб адгаварыць мужа ад гэтай задумы, а ў тым ліку ён не паведаміў пра гэта. Праз некалькі дзён пасля смерці Тоні святар сказаў, што яго абавязвае таямніца споведзі.

Адвакат удавы Патрык Мартэнс, які ад яе імя падаў заяву на святара аб неаказанні дапамогі чалавеку, які знаходзіцца ў небяспецы, лічыць, што споведзі не было, паколькі адбываліся толькі тэлефонныя размовы.

Між тым адвакат святара, Ян Лейсен, сцвярджае, што самазабойца патэлефанаваў святару, каб паспавядацца перад смерцю.

— Перасцерагчы кагосьці ад таго, што збіраўся зрабіць гэты чалавек, было б парушэннем таямніцы споведзі. Хоць гэта не было лёгка, мой кліент зрабіў адзінае, што мог, — тлумачыць юрыст.

Сам 57-гадовы Стообандт запэўнівае, што спрабаваў адгаварыць Вантомма ад намеру пакончыць з жыццём.

Каментуючы гэтую справу, прафесар маральнай тэалогіі на пенсіі ў Каталіцкім універсітэце Левен-ла-Нева Анры Ватто лічыць: тое, што споведзь магла адбыцца па тэлефоне, «па меншай меры выклікае сумневы». А калі ёсць сумненні, то — на яго думку — «святар не абавязкова звязаны таямніцай споведзі».

Бельгійскі Крымінальны кодэкс ахоўвае прафесійную таямніцу, аднак у ім няма прама названай таямніцы споведзі.

— Існуюць фармулёўкі, якія прызнаюць таямніцу споведзі адным з вымярэнняў прафесійнай таямніцы, але ёсць і іншыя, якія кажуць нешта супрацьлеглае, — прызнае адвакат святара.

У сваю чаргу, канон 1388 Кодэксу кананічнага права прадугледжвае экскамуніку (выключэнне з Царквы) для спаведніка, які б раскрыў таямніцу споведзі.

для друку для друку