Бэтлеемскі агонь даставяць у больш за 20 гарадоў Беларусі

Увечары 15 снежня ў Беларусь прыбыў агонь з Бэтлеема — месца зямнога нараджэння Езуса Хрыста. Сімвал Божага Нараджэння сустракалі ў Гродне, куды святло свету перадалі з Польшчы.

Увечары ў суботу, 17 снежня, за тыдзень да Божага Нараджэння, Бэтлеемскі агонь будуць урачыста сустракаць у Мінску — у галоўным касцёле Беларусі. А ў нядзелю — у іншых храмах сталіцы і яшчэ ў больш за 20 гарадах краіны. Пасля чаго вернікі змогуць запаліць свае лампадкі і аднесці іх ва ўласныя дамы.

Агонь з Бэтлеему па ўсёй Еўропе, у тым ліку і па Беларусі, развозяць каталіцкія скаўты. Як і ў мінулыя гады, самую вялікую працу па дастаўцы Бэтлеемскага агню ўзялі на сябе гомельскія скаўты. Яны запаляць лампады ў Мінску і двума групамі развязуць агонь з Бэтлеема па некалькіх гарадах. Адна група будзе вяртацца ў Гомель, робячы круг па ўсходняй Беларусі праз Магілёў, а іншая — па паўднёва-заходняй частцы краіны праз Нясвіж, Баранавічы, Пінск і іншыя гарады.

Скаўтам важна прасачыць, каб полымя ў дарозе не згасла і каб не давялося зноў вяртацца за ім у Мінск. Пасля свята ў многіх гарадах католікі перададуць агонь праваслаўным братам, якія адзначаюць Божае Нараджэння 7 студзеня.

Святло бэтлеемскага агню, які сімвалізуе супакой, надзею і згоду, дзякуючы адзінству моладзі розных краін пераадольвае значныя адлегласці і прыходзіць да тых, хто яго чакае. Таму варта ўзяць гэты агонь дадому, яшчэ раз нагадаць сабе і сваім блізкім аб надыходзячым Растве.

— Гэты агонь з Бэтлеему сімвалізуе, што ўсе мы з’яўляемся містычным целам Езуса Хрыста. Гэта полымя вельмі далікатнае, яго можа пагасіць нават лёгкі вецер, і гэта таксама сімвал агню нашай веры. Каб ён гарэў у нашых сэрцах, неабходна пастаянная наяўнасць «масла» — Духа Святога, — гаворыць пробашч гомельскай парафіі айцец Славамір.

Бэтлеемскі агонь скаўты прывозяць у Беларусь з 1998 года. Святыня пачынае сваё падарожжа з Вены, куды яе дастаўляюць самалётам з Бэтлеема, потым агонь перадаюць у Чэхію, Польшчу і вязуць да беларускай мяжы, дзе ўрачыста ўручаюць мясцовым скаўтам.

Як гавораць святары, не варта ставіцца да Бэтлеемскага агню як да містычнай з’явы. Гэтая святыня мае глыбокі духоўны сэнс, для хрысціяніна гэта сімвал гарачага сэрца, гарачай любові і веры, якімі неабходна дзяліцца адзін з адным.

katolik-gomel.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі