Бэнэдыкт XVI ніколі не пашкадаваў аб сваім рашэнні

benedyktБэнэдыкт XVI ні разу не пашкадаваў аб тым, што вырашыў сысці з папскага пасаду. Сёння ён жыве “абсалютна спакойна, больш чым калі-небудзь”; ён перакананы, што прыняў правільнае рашэнне. Гэта падкрэсліў у інтэрв’ю тэлебачанню “EWTN” 25 чэрвеня 2016 г. асабісты сакратар Папы на пенсіі, арцыбіскуп Георг Генсвайн. Іерарх прызнаўся, што стаўленне Бэнэдыкта XVI таксама дапамагло асабіста яму пераадолець унутраны супраціў, які меў адносна рашэння Пантыфіка.

Бэнэдыкт XVI сышоў у адстаўку 28 лютага 2013 г. Ён прыняў рашэнне, якое за 600 гадоў не асмельваўся прыняць ніводзін з яго папярэднікаў. 28 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане пройдуць святкаванні з нагоды 65-годдзя святарства Папы на пенсіі, паведамляе Ватыканскае радыё. На гэту ўрачыстасць ён ўпершыню пасля адстаўкі прыбудзе ў Апостальскі палац.

У інтэрв’ю арцыбіскуп Генсвайн таксама ўдакладніў сваю ранейшую заяву аб “раздзеленым папстве”. Ён растлумачыў, што зусім не хацеў сказаць, што ў нас ёсць два Папы. “Францішак быў выбраны ў адпаведнасці з правам і з’яўляецца Папам у адпаведнасці з правам”, — сказаў прэфект Папскага двара. Іерарх заўважыў, што яму прыпісваюць рэчы, да якіх ён не мае дачынення. Ён таксама адзначыў, што сам Бэнэдыкт XVI сказаў, што “па-ранейшаму прысутнічае ў малітве і ахвяры, у атачэнні базылікі св. Пятра”. А сваім сцвярджэннем аб пашыраным пятровым служэнні арцыбіскуп Генсвайн хацеў сказаць, што Бэнэдыкт XVI зараз прапануе свае “духоўныя плёны”. У той жа час іерарх запэўніў, што не можа быць і гаворкі пра якія-небудзь цяжкасці або канкурэнцыю паміж Папам на пенсіі і Францішкам.

для друку для друку