- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Батлейка не састарэе!»: Лучай акунуўся ў старажытныя беларускія традыцыі

luczaj3 [1]У апошнюю нядзелю Карнавалу, перад пачаткам Вялікага Посту, лучайскую парафію святога апостала Юды Тадэвуша наведаў тэатр «Батлейка».

У склад яго ўваходзяць: Алесь Лось – этнограф, музыкант, мастак, які адзіны ў Беларусі вырабляе старажытныя народныя музычныя інструменты, Алеся Сівохіна – артыстка, бард, кіраўнічка тэатра «Жывое слова» і Алёна Мялешка – скрыпачка, выкладчыца музыкі. Варта нагадаць, што Батлейка – гэта беларускі народны лялечны тэатр, які быў вядомы яшчэ з XVI стагоддзя. Гэта адзін са старажытных відаў беларускага мастацтва, гэта наша народная спадчына. Назва «батлейка» паходзіць ад гораду Бэтлеем, дзе нарадзіўся Езус Хрыстус. Звычайна прадстаўленне ладзілася ў перыяд Божага Нараджэння.

Пасля нядзельнай святой Імшы для вернікаў была магчымасць акунуцца ў старажытныя беларускія традыцыі. Алесь Лось – кіраўнік тэатра, напачатку распавёў пра тое, што прадстаўленая ў Лучаі батлейка – гістарычная, з калекцыі этнографа Шэйна. Яна зʼяўляецца копіяй батлейкі 1860 года, прывезенай даследчыкам з Магілёўшчыны. Унікальнасцю гэтай батлейкі зʼяўляецца тое, што выкарыстаныя тэксты не «мадэрновыя», а аўтэнтычныя. Музычнае суправаджэнне захавала старажытныя традыцыі народнай ігры на скрыпцы. Алесь Лось у сваім аповедзе падкрэсліў, што «Батлейка не састарэе, таму што тэксты захоўваюць сучасную тэматыку». Сцэна ўяўляе сабой двухярусную скрыню з дзверцамі, за ёй знаходзяцца артысты, якія кіруюць самаробнымі лялькамі і агучваюць іх рознымі галасамі.

luczaj1 [2]

Прадстаўленне складалася з двух частак. Першая — містэрыяльная драма «Цар Ірад», другая — пяць інтэрмедый іранічнага характару. Гледачы выказалі сваю падзяку шчырымі апладысментамі і напрыканцы змаглі зрабіць памятнае фота з батлейкай-лялечным тэатрам. Госці таксама падзякавалі за цёплы прыём, узгадаўшы род Агінскіх разам з мецэнаткай лучайскага касцёла – Альжбетай Агінскай Пузына, якая шмат таксама рабіла для культуры, навукі і веры. Алесь Лось падкрэсліў важнасць таго, што працягваецца і падтрымліваецца справа продкаў, спалучаецца культурнае з духоўным.

luczaj4 [3]

Цудоўна, што Лучай адкрыты на музыкаў, творцаў розных жанраў і накірункаў. Галоўнае, на што робіцца акцэнт – гэта захаванне нашых спрадвечных традыцый і развіццё і падтрымка новых талентаў, якімі так багата наша Радзіма.

Алена Клімза-Колтан, для luchai.by [4]
кс. Мікалай Ліпскі, фота