Баранавічы: Флэш-моб у касцёле?! Праслаўленне Бога праз рухі і жэсты!

tanecУ дзень Божага Нараджэння ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа г. Баранавічы вучні катэхетычных заняткаў падрыхтавалі флэш-моб, які згуртаваў дзяцей розных узростаў.

Ідэя флэш-мобу – праслаўленне Бога праз рухі і жэсты. Каб флэш-моб атрымаўся не проста наборам рухаў, а зладжаным танцам, спатрэбілася шмат рэпетыцый. Рэпетыцыі не толькі зʼядналі дзяцей, але і падарылі масу прыемных эмоцый, дапамаглі глыбей усвядоміць месца кожнага ў Касцёле і сваю адказнасць за яго праз актыўны ўдзел у жыцці парафіі.

Дзеці танцавалі пад выдатную песню «Dammi occhi nuovi», якая распавядае, што Бог унутры кожнага чалавека, што і ў цяжкую, і ў шчаслівую хвіліну Ён заўсёды побач, у душы і сэрцы кожнага з нас, паведамляе парафіяльны сайт.

Адна з удзельніц сказала: «Я прывыкла, што флэш-моб – гэта танцы ў сучасным моладзевым свеце, але неспадзявана для мяне і многіх сёння выявіўся іншы бок – гэта Касцёл падарыў дзецям і дарослым радасць танца ў сучасным стылі!».

Для адзінага ладу ўсіх удзельнікаў флэш-мобу, былі выбраны майкі з беларускім арнаментам. Бо арнамент у беларусаў, як ні ў каго з славян захаваўся да ХХ стагоддзя. Існуе ўсталяваны набор знакаў і колераў. Беларусы выкарыстоўвалі 2 колеру: чырвоны і белы. Белы колер – гэта чысціня, а чырвоны – сімвал жыцця. Вось так вучні катэхезы ўжо з самага дзяцінства далучаюцца да традыцый беларускага народа і шануюць яго.

Адна з вернікаў падзялілася сваімі ўражаннямі ад убачанага: «Мне вельмі спадабалася такое незвычайнае для Касцёла выступленне. Для мяне неспадзявана, што аж столькі дзяцей праз танец праславілі Бога ў гонар яго Нараджэння! І сапраўды гэтыя Каляды прынеслі радасць і супакой у сэрца кожнага чалавека».

для друку для друку