Баль «Азірніся ў мінулае» сабраў сем’і ў Глыбокім

У сучасным хуткаплынным свеце цяжка знайсці час для бліжніх. У віры падзей, дзеянняў здаецца, што вы разам, вы побач з блізкімі, любімымі людзьмі. Але як часта размаўляюць па душах муж з жонкай? Ці часта знаходзяць сужонкі час, каб пабыць адно з другім? Зараз праблема сям’і стаіць вельмі востра. Гэтым пытаннем займаецца Дабрачынны фонд аховы жыцця і сям’і “Адкрытыя сэрцы”. 19 мая гэтая арганізацыя разам з Душпастырствам сем’яў Віцебскай дыяцэзіі зладзіла сямейны баль, які прайшоў у Глыбокім.

На пачатку балю пробашч Глыбоцкай парафіі кс. Мікалай Ціхановіч — адзін з арганізатараў гэтага мерапрыемства-  прывітаў усіх удзельнікаў і зазначыў, што спадзяецца, што XIX стагоддзе ў XXI, якое адчувалася ў зале, дапаможа вярнуць сям’ю ў сучаснасці.

Першае аддзяленне пачалося з паланэза. Мы пачулі кароткую гісторыю з’яўлення традыцыі сямейнага балю ад намесніка дырэктара фонда Івана Пузанава. Кажуць, што баль на Беларусь прынесла еўрапейка Бона Сфорца. У сучаснасці такія мерапрыемствы дапамагаюць аднавіць традыцыі і вярнуць блізасць мужа і жонкі.

У перапынку паміж танцамі выступіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які зазначыў, што атмасфера мінуўшчыны валадарыць у гэтым месцы, што такі баль можа стаць чарговым крокам да ўзнаўлення пачуццяў шлюбу, да сапраўднай шляхетнасці ў сэрцы.

Паланэз змяніўся вальсам, гэты танец у сваю чаргу – полькай. У зале прысутнічалі Васіль і Ірына, якія менавіта ў гэты дзень заключылі сакрамант шлюбу. Вопытныя сужонкі, якія разам ужо 46 гадоў, падзяліліся з маладымі сакрэтамі сямейнага шчасця, якімі з’яўляюцца любоў, цярпенне, узаемадапамога і ўзаемаразуменне.

У гэты дзень у Глыбокае былі запрошаны прадстаўнікі Сходу нашчадкаў шляхты і дваранства, якія засмучаны тым, што ў сучасным свеце не ўжываюцца такія словы, як годнасць і гонар. Іх суполка пабудавана на трох камянях: любоў да Радзімы, павага да яе культуры, інтарэс да сваёй гісторыі і налічвае каля 400 сяброў. Прысутныя на балі прадстаўнікі Сходу зрабілі падарункі біскупу і іншым удзельнікам у выглядзе сертыфікатаў і кодэксаў шляхецкай годнасці.

У перапынку паміж аддзяленнямі прагучалі песні на словы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні Арцёма і Марыны Булатоўскіх. Таксама госці былі запрошаны на фуршэт. У другім аддзяленні кавалеры і дамы працягвалі танцаваць вальсы, полькі і контрдансы, гулялі ў разнастайныя гульні.

Вальс, як і сям’я, не атрымаецца без абодвух сужонкаў. Адносіны ў сям’і павінны азначаць прыгажосць. У круглай зале Глыбоцкага РДК панавала гэтая прыгажосць і любоў у яе адвечным выглядзе. А гэтая зала і людзі, якія па ёй кружыліся, будуць чакаць наступнага балю сем’яў.

Наталля Салодкая, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку