Багацце, поспех… або служэнне людзям? Інтэрв’ю з арганізатарамі «Радыё Марыя» ў Беларусі

Мне заўсёды было цікава, як паспяховаму ў бізнесе католіку захоўваць баланс паміж хрысціянскім светапоглядам і спакусамі багацця, славы, поспеху. Думаю, скіраваць сваю ўвагу на гэтую праблему было б вельмі лагічна ў рэчышчы запаведзі «Не май іншых багоў…» Паразмаўляць пра гэта мне адразу ж захацелася з Вячаславам Гулевічам і Яўгеніяй Найдовіч — сям’ёй прадпрымальнікаў, католікаў, а з нядаўняга часу — арганізатарамі «Радыё Марыя» ў Беларусі.

— Вячаслаў і Яўгенія, раскажыце крыху пра вашую сям’ю, пра сваю сферу дзейнасці.

Вячаслаў: Калі коратка, то нашая сям’я — гэта мы, трое нашых дзяцей, жывёла і гаспадарка. Дзеці стараюцца актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла: старэйшы сын — міністрант, дачка іграе на скрыпцы ў касцёльным хоры, малодшага сына мы назвалі ў гонар папы Францішка. Сам я выхоўваўся ў веруючай сям’і, таму веру ў Бога з дзяцінства.

Яўгенія: Мы вельмі рады і ганарымся, што мы католікі, што нейкім цудоўным чынам у свой час Бог да нас дастукаўся. Для мяне гэта адбылося ўжо ў замужжы, калі я разам з Вячаславам наведвала касцёл.

Вячаслаў: А што датычыць прафесійнай дзейнасці, то мы з Жэняй прадпрымальнікі, але працуем у розных сферах. Я 20 гадоў займаўся музычным бізнесам, а цяпер развіваю інтэрнэт-сэрвіс smsbilet.by. Шчыра кажучы, я б не назваў сваю дзейнасць бізнесам у чыстым выглядзе. Гэта хутчэй нейкі рух, у якім я знаходжуся ўжо 20 гадоў, і тое, што я развіваю, працуе на нас.

— А ці задумваліся вы пра спакусы, звязаныя з бізнесам?

Вячаслаў: Для мяне грошы ніколі не былі спакусаю. Іншая справа, што я доўга ішоў да такога бізнесу, дзе б не сумняваўся ў чысціні сваіх дзеянняў, бо бізнес сам па сабе вельмі неадназначная справа. Купіў па адным кошце, прадаў па іншым — ужо выходзіць, што ты падмануў? Цяжка заўсёды апраўдвацца, што я ж патраціў час, сілы на арганізацыю. Таму на сённяшні дзень я вельмі рады, што мне ўдалося прыдумаць больш-менш празрысты ў гэтым плане сэрвіс.

Яўгенія: У той жа час гэты сэрвіс сапраўды зручны для людзей, і мы робім усё для таго, каб было прыемна карыстацца такой паслугай. У мяне таксама ёсць свой бізнес — гэта беларуска-кітайская турыстычная кампанія. Таксама я шмат гадоў працую як бізнес-трэнер, які рыхтуе персанал для бізнеса. Радасна, што мой прафесійны досвед спатрэбіўся і для «Радыё Марыя».

— Раскажыце крыху пра каталіцкае радыё як вашае сямейнае служэнне.

Вячаслаў: Спачатку «Радыё Марыя» я не разглядаў як духоўнае служэнне. Калі 4 гады таму ў мяне спыталіся, ці мог бы я ўзяцца за гэты праект, то спрацаваў хутчэй прадпрымальніцкі інтарэс: чаму гэтага радыё няма яшчэ ў Беларусі? Як зрабіць так, каб яно існавала? Я разумеў, што праект патрэбны і гэтым будзе цікава заняцца.

Яўгенія: Мы адразу не зразумелі сутнасці гэтай справы, глядзелі на яе проста як на радыё ў чыстым выглядзе. Аказалася, што «Радыё Марыя» — гэта не проста радыё, гэта цэлае жыццё. Хоць мы і валанцёры ў гэтай справе, усё ж жывём ёю, радыё пастаянна з намі.

— А ці бачыце вы плады ў вашым духоўным жыцці ў сувязі з працаю на радыё?

Вячаслаў: Ды нават само прывітанне «Хвала Хрысту!» суправаджае нас цэлы дзень, а гэтыя словы здольныя ўвесь час трымаць у веры і надзеі.

Яўгенія: Вядома, часта ўзнікаюць цяжкасці, але калі ты прыходзіш у студыю і там пачынаецца Ружанец, то ўсё становіцца зразумела: мы на правільным шляху. Чаго вартыя гэтыя званкі, калі жанчына з маленькага гарадка тэлефануе і кажа: «Я хачу памаліцца за міністранта Паўла з нашага касцёла, таму што ён захварэў». Мне здаецца, Бог дорыць менавіта тыя падарункі, якія нам патрэбныя, хоць мы самі гэтага спачатку не разумеем.

Вячаслаў: Напэўна, Бог дае тое, што мы зможам прыняць і дзе мы можам прымяніць свае таленты…

Яўгенія: Я спачатку проста назірала за Вячаславам, але калі ўзнікла патрэба, то стала дапамагаць. Напрыклад, трэба было напісаць афіцыйны ліст, адказу няма, але я ведаю, што гэта ўсяго толькі камунікацыйныя тэхналогіі і трэба напісаць не 4, а 7 разоў — і будзе адказ. Так і здарылася. Напэўна, Бог ведаў, што менавіта мне падабаецца, і прымяніў гэта на карысць людзям. На сённяшні дзень на «Радыё Марыя» я вяду праграму пра святых.

— Але рэалізоўваць такі праект як радыё — вялікая адказнасць…

Яўгенія: Я нават больш скажу — гэта страшнавата. Часам як задумаешся, што ты зрабіў і за што ты ўжо адказваеш…

Вячаслаў: Мая пазіцыя такая: а што мы? У нас ёсць каму за ўсё гэта адказваць. Мы — працоўная сіла, а Бог сам рэалізуе свае планы.

Яўгенія: Сапраўды, мы з Вячаславам зусім не ведалі, куды рухацца і што рабіць. Гэта як жыццё на Марсе: мы былі перакананы, што яго там няма. А потым з’явіўся ксёндз Аляксандр Улас, Аліна Угорыч, Алена Кот, цудоўныя валанцёры — і «жыццё на Марсе» з’явілася, «Радыё Марыя» загучала.

— Ведаю, што ў межах дзейнасці «Радыё Марыя» вы праводзіце майстар-клас, каб паказаць, як весці бізнес па-хрысціянску. Цікава, якую мэту вы ставіце ў сваіх майстар-класах?

Яўгенія: У нейкі момант мы зразумелі, што хацелася б дзяліцца сваім досведам з людзьмі, найперш з католікамі, у вядзенні бізнесу, дапамагчы ім паяднаць хрысціянскі шлях да святасці і штодзённую працоўную рэальнасць. Гэткім чынам мы знаёмімся і з патэнцыяльнымі слухачамі нашага радыё. Вячаслаў скончыў тэалагічны каледж у Мінску, ён — прадпрымальнік, айцец Аляксандр — доктар маральнай тэалогіі, я — бізнес-трэнер, таму мы аб’ядналі свае сілы, распрацавалі праграму і сталі з ёю ездзіць па парафіях.

Вячаслаў: Аказалася, што наш курс вельмі патрэбны ўсім: і прадпрымальнікам, і настаўнікам. Курс складаецца з тэарэтычнай і практычнай частак. Тэорыя ахоплівае некалькі крытэрыяў, па якіх можна ацаніць сваю прафесійную дзейнасць з хрысціянскага пункту гледжання. Падчас практычнай часткі семінара мы пераносім тэорыю на канкрэтныя сітуацыі. Галоўная мэта майстар-класу — хаця б натхніць чалавека на роздум і асэнсаванне сваёй прафесіі. Гэта вельмі важна — каб чалавек усведамляў, што ён робіць. Нават калі ён працуе ў вялізнай карпарацыі і робіць усяго толькі маленькую скрыначку, то чалавек усё роўна павінен ведаць, дзеля чаго ён гэта робіць, ці не дапамагае ён вырабляць ядзерную бомбу.

На майстар-класах мы сутыкаемся з цікавымі выпадкамі. Напрыклад, жанчына з’яўляецца ўласніцай крамы па продажы алкаголю. І вось нашая задача была сумесна з групай і з куратарам айцом Аляксандрам разабрацца, што з гэтым рабіць, ведаючы, што яна не кіне свой бізнес. Асобна мы закранаем і многія важныя пытанні. Напрыклад, як ставіцца да багацця, да поспеху? Ці можаш ты дазволіць сабе штосьці з раскошы? Ці ўсведамляеш ты, што гэта не поспех і багацце павінны кіраваць табою, а ты імі? Багацце табе патрэбна, каб служыць, укладваць яго ў штосьці важнае, карыснае, ці яно патрэбна табе, каб купіць трэці па ліку аўтамабіль і яшчэ некалькі кватэраў і дамоў?

Яўгенія: Пры гэтым айцец Аляксандр дапамагае на ўсе гэтыя сітуацыі паглядзець у святле Бібліі. Ён заўсёды кажа, што малітва ў пытаннях распазнання — гэта самае важнае. Чалавек, які рэгулярна размаўляе з Богам, раіцца з Ім, рэдка трапляе ў пастку спакусаў.

— Вельмі важна, каб заможных людзей, якія будуюць сваё жыццё і служэнне вакол Хрыста, станавілася ўсё больш у нашай краіне…

Вячаслаў: Я лічу, што калі ты адчуваеш патрэбу дапамагчы Касцёлу і маеш для гэтага магчымасць, асабліва ў евангелізацыі, у распаўсюджванні праўды пра Хрыста, то абавязкова бярыся і рабі штосьці — і ўбачыш, якое гэта шчасце.

Яўгенія: У духоўнай сферы можна дапамагаць і тут, і там. Быць адказным за тое, што робіцца вакол цябе, адчуваць сябе неабходным — гэта цудоўнае пачуццё. Мне здаецца, што такі час у нас у Касцёле ўжо настаў, калі людзі хочуць нешта рабіць.

— Дзякуй, Вячаслаў і Яўгенія, за цікавую размову! Поспехаў вам.

Вольга Качалка, ave-maria.by

для друку для друку