Бацька ўжывае алкаголь. Што рабіць?

Я жыву ў сям’і, у якой бацька пастаянна ўжывае алкаголь. Часта чую ад сяброў, што я сузалежны чалавек. Як мне змяніць сітуацыю? Ці ёсць нейкая дапамога з боку Касцёла такім людзям? Што параіце рабіць?

Уладзімір

На пытанне адказвае кс. Алег Хмылко:

Сям’я, у якой хтосьці мае залежнасць ад алкаголю, зʼяўляецца дысфункцыйнай. У такіх семʼях заўсёды прысутнічае напружанасць, неспакой, пачуццё хаосу і непрадказальнасці, злучанае з унутраным болем. Патрэбы дзяцей пастаянна не задавальняюцца, таму што бацькі недаступныя для дзяцей альбо фізічна (напрыклад, пітушчы бацька рэдка бывае дома), або эмацыйна (у перыяд цвярозасці бацька думае пра тое, як бы выпіць, а маці, паглынутая думкамі, як утрымаць мужа ад выпіўкі).

Алкагалізм становіцца “цэнтрам” сямʼі, вакол якога сканцэнтраваныя ўсе думкі, пачуцці, дзеянні і паводзіны іншых сямейнікаў. Незалежна ад таго, пʼе ў сямʼі толькі адзін з бацькоў або таксама і іншыя родныя, алкагалізм – хвароба агульная. Гэта звязана з тым, што паводзіны алкаголіка настолькі дэфармуюць адносіны паміж чальцамі сям’і, так уплываюць на эмацыйны клімат, што хворымі становяцца таксама і блізкія людзі, якія жывуць з залежным чалавекам пад адным дахам.

Кожны чалец сямʼі становіцца сузалежным (узаемазалежным), які пакутуе ад той жа хваробы, і які мае тыя ж сімптомы: пачуццё віны, сорам, развітыя абарончыя механізмы, глушэнне балючых пачуццяў, пазбяганне блізкіх кантактаў з іншымі людзьмі і да т. п. Сістэма, якая павінна аб’ядноўваць усю сямʼю, пачынае падтрымліваць толькі хваробу, і самога залежнага.

У выніку ўзнікае негатыўны ўплыў хімічнай залежнасці аднаго чальца сямʼі на іншых і прыводзіць да прымання імі дысфункцыянальнай мадэлі паводзінаў. Вырастаючы, дзеці алкаголікаў па-ранейшаму ўспрымаюць дысфункцыянальныя паводзіны як нешта натуральнае.

Асобы, што выхоўваліся ў залежных ад алкаголю семʼях, як дарослыя людзі адрозніваюцца шматлікімі рысамі. Гэтыя рысы паказваюць на рознага кшталту эмацыянальныя праблемы, якія перашкаджаюць такім асобам адпаведна існаваць у грамадстве. Такія рысы зʼяўляюцца распаўсюджаным паказальнікам сіндрому ДДА (дарослыя дзеці алкаголікаў).

ДДА – гэта дарослыя асобы, якія выхоўваліся ў сямʼі, дзе хтосьці з родных меў алкагольную залежнасць. Пад уплывам неадпаведнага выхаваўчага падыходу залежнай асобы дзеці ў такіх сем’ях сфарміравалі ў сабе пэўныя дысфункцыянальныя рысы сваёй асабовасці, набылі пэўныя праблемы ў адносінах з іншымі сямейнікамі, сутыкнуліся з рознымі страхамі. Усе гэтыя цяжкасці такія асобы сустракаюць не толькі ў дзяцінстве. Усё гэта перакладаецца і на дарослае жыццё.

Сіндром ДДА закладваецца на ўзроўні падсвядомасці асобы і праяўляецца ў двайной ідэнтычнасці дадзенага чалавека. Такая асоба зʼяўляецца і дарослым чалавекам, і адначасова дзіцём. Нявырашаныя праблемы з перыяду дзяцінства ў будучыні, у сталым узросце становяцца вялікай перашкодай у эмацыйна-сацыяльным функцыянаванні.

ДДА часцей за ўсё не разумеюць: тое, што яны перажылі ў родным доме, дзе хтосьці з бацькоў (або абодва бацькі) злоўжываў алкаголем, па-ранейшаму мае ўплыў на іх жыццё і самаадчуванне.

Існуе шмат літаратуры, розных даследаванняў і спецыялістаў у гэтай галіне, пералічваюцца многія рысы, характэрныя для ДДА. Прыгадаем, напрыклад: Дж. Дж. Войціц “Дарослыя дзеці алкаголікаў: сямʼя, праца, адносіны” (Дж. Дж. Войтиц, “Взрослые дети алкоголиков: семья, работа, отношения”, Москва 2014). Дадзеная кніга апісвае найбольш тыповыя праблемы і рысы людзей, якія паходзяць з сузалежных семʼяў, з сем’яў, дзе хтосьці з родных злоўжывае алкаголем.

Каб змяніць сітуацыю, у першую чаргу трэба пачаць са знаёмства з дадзенай тэмай. Даведацца, што такое алкагольная залежнасць і сузалежнасць увогуле. Якія прынцыпы і механізмы паводзінаў дзейнічаюць у такіх сем’ях. Для паглыблення гэтых ведаў варта пачытаць адпаведную літаратуру, звязаную з тэмамі залежнасці і сузалежнасці.

Далейшы крок, каб змяніць сітуацыю, гэта пошук групы самадапамогі – т. зв. группы ДДА, у якіх такія асобы працуюць над сваёй сузалежнасцю.

У цяжкіх выпадках патрэбна індывідуальная тэрапія і дапамога спецыяліста. І толькі потым, калі ўжо ступень сузалежнасці знізіцца, такі чалавек накіроўваецца ў групу самадапамогі для далейшага працэсу выздараўлення.

Касцёл спецыялізаванай тэрапеўтычнай дапамогі не прадастаўляе, бо гэта сфера дзейнасці тэрапеўтаў ды псіхолагаў. Касцёл можа дапамагчы ў пытаннях духоўных, звязаных з дадзенай тэмай, напрыклад, праз сакрамант пакаяння і паяднання (споведзь), праз духоўнае кіраўніцтва. Таксама пры некаторых парафіях у вялікіх гарадах паўстаюць групы ДДА (групы самадапамогі).

Каб пачаць шлях выздараўлення, шлях выхаду з сузалежнасці, трэба пазнаёміцца з дадзенай тэмай праз літаратуру, знайсці групу самадапамогі і пачаць удзельнічаць у іх сустрэчах. Таксама павінна быць блізкае супрацоўніцтва са святаром праз сакрамант пакаяння і паяднання (споведзь) і праз духоўнае кіраўніцтва.

Рэкамендаваная літаратура для знаёмства з праблемай сузалежнасці (літаратура даступная на рускай мове):

  • Дж. Дж. Войтиц. «Взрослые дети алкоголиков: семья, работа, отношения».
  • М. Битти. «Алкоголик в семье, или Преодоление созависимости (как перестать контролировать других и начать заботиться о себе)».
  • Д. Кардер, Г. Клауд, Дж. Таунсенд, А. Браванд, Э. Хенслин. «Семейные секреты, которые мешают жить».
  • Б. Уайнхолд, Дж. Уайнхолд. «Освобождение от созависимости».
  • Р. Хемфельт, П. Майер, Ф. Минитр. «Выбираем любовь. Как победить созависимость».
  • В. Москаленко. «Зависимость: семейная болезнь».
для друку для друку