Асвечаная вада і крапільніца

asvachonaja vodaСімвалічнасць вадзе была нададзена яшчэ ў старажытнасці, пра яе рытульнае выкарыстанне гаворыцца ў Старым Запавеце (пар. «Возьме святар асвечанай вады ў глінянае начынне», Ліч 5, 17).

Вада таксама з’яўляецца праяваю творчай сілы Бога (Быц 1, 2). Бог сказаў: «Эй, усе, хто прагне, падыходзьце да вады…» (пар. Іс 55, 1). Ужо тады вада выкарыстоўвалася не толькі ў літургічных абрадах, але і прыватна. У Бібліі ёсць шмат старазапаветных правобразаў ачышчальнай вады, напрыклад, калі армія фараона (вобраз граху) была патопленая ў моры (вобраз хрысцільнай вады) (пар. Зых 14, 28).

У Новым Запавеце вада набывае яшчэ большае значэнне дзякуючы Хрысту, які атаясамлівае сябе з жывою вадою («Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е», Ян 7, 37-39). Хрост у вадзе — неабходны для нашага збаўлення. Езус сказаў: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства» (Ян 3, 5).

Ужо з ІІ стагоддзя хрысціяне шырока выкарыстоўваюць асвечаную ваду. Для хрысціянаў, перш за ўсё, вада з’яўляецца напамінам аб хросце, як пра адну з самых значных падзей у жыцці хрысціяніна. Падчас хросту чалавек вызваляецца ад граху, каб нанава нарадзіцца духоўна і далучыцца да Божай сям’і. Вядома, што некаторыя святыя, разумеючы важнасць хросту, ушаноўвалі не дзень свайго фізічнага нараджэння, а дзень і месца свайго хросту.

Так, напрыклад, Людвіг Грыньён змяніў нават сваё прозвішча на Манфор, бо так называўся горад, у якім ён быў ахрышчаны, і цяпер ён нам вядомы як святы Людвіг Грыньён дэ Манфор.

У Каталіцкім Касцёле быў прыняты тэрмін «благаслаўленне вады», і вада, называецца асвечанаю. Самы ўрачысты выпадак благаслаўлення вады адбываецца падчас пасхальнай літургіі, калі атрымліваюць хрост катэхумэны. Тады абавязковым элементам асвячэння вады з’яўляецца знак крыжа, які робіцца праз акунанне ў ваду вялікай пасхальнай свечкі (пасхала).

Благаслаўляюць ваду ў некаторыя касцёльныя святы і падчас успаміну паасобных святых. Самымі вядомымі днямі, калі святары або біскупы благаслаўляць ваду, з’яўляюцца святы Аб’яўлення Пана (6 студзеня) — аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце, і Хросту Пана — успамін хросту Езуса. «Калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (Лк 4, 21). Але гэта быў не сакрамэнтальны хрост, які змывае першародны грэх і ўчынкавыя грахі. Такі хрост быў непатрэбны Езусу, бо Ён быў зачаты ад Духа Святога (Лк 1, 31) і з моманту зачацця быў святы і бязвінны (Лк 1, 38). Сакрамэнтальны хрост Езус устанавіў толькі пасля свайго ўваскрасення (Мк 16, 16; Мц 28, 19). Хрост Езуса ў Ярдане быў прадвесцем нашага хросту.

Асвечаная вада выкарыстоўваецца на працягу ўсяго года. Святары карыстаюцца ёю ў абрадах благаслаўлення касцёлаў, алтароў, сакральных аб’ектаў, жылых дамоў, прадметаў быту, кожная нядзельная св. Імша распачынаецца з акраплення вернікаў асвечанаю вадою. У асвечаную ваду макаецца рука перад знакам крыжа перад уваходам і выхадам з касцёла. Робячы гэта, кожны вернік нагадвае сабе, што адбыўся хрост, перш чым ён змог увайсці ў супольнасць Касцёла — Цела Хрыстова.

asvachonaja voda_2

Вернікі таксама могуць захоўваць асвечаную ваду для акраплення дома святаром падчас пастырскага наведвання або для прыватнага акраплення жылля, напрыклад, у вёсцы асвечанаю вадою акрапляюць не толькі дом, але гаспадарчыя пабудовы перад пачаткам прыроднага катаклізму, дзецям крэсляць на ілбе крыжыкі асвечанаю вадою, і самае простае выкарыстанне асвечанай вады — выпіць яе.

Святая Тэрэза Авільская казала: «Безумоўна, сіла асвечанай вады вельмі вялікая. Мая душа адчувае ўнутранае задавальненне, калі я п’ю яе» («Аўтабіяграфія»).

Святары раяць не захоўваць асвечаную ваду доўгі час, каб потым не казаць, што трэба набраць «свежай» вады, ці паскардзіцца на тое, што вада сапсавалася і выліваць яе. Хіба можа сапсавацца асвечанае? У выпадку, калі асвечаная вада ўсё ж выліваецца, то ні ў якім разе яе нельга выліваць у санвузел або ў месца, па якім ходзяць, лепш ёю паліць кветкі. А ўвогуле святая вада з’яўляецца выдатным спосабам, каб захаваць сябе, сваю сям’ю або свой дом ад зла.

Існуе даўняя традыцыя змяшчаць крапільніцу для асвечанай вады каля ўваходных дзвярэй свайго дома або кватэры. Гэта традыцыя бярэ свой пачатак ад пабожных габрэяў, якія выходзячы з дома дакраналіся да мезузы (іўр. ‏מְזוּזָה‏‎‎‎, літаральна «дзвярны вушак»).

Раней мезузаю ў габрэяў называўся скрутак пергаменту са скуры рытуальна чыстай (кашэрнай) жывёлы, на якой была напісана частка тэкста малітвы «Шма». Пабожныя габрэі, і цяпер, выходзячы з дома, дакранаюцца да мезузы — футляра з біблійным урыўкам.

А мы, хрысціяне, прымацоўваем крапільніцу да вушака сваіх уваходных дзвярэй і робім знак крыжа асвечанаю вадою, просячы Божай апекі, калі выходзім з дома, або дзякуем Богу, калі вяртаемся дадому.

Падрыхтавала Іна Бігель, ave-maria

для друку для друку