Асаблівае жыццё асаблівага чалавека

asablivy_chalavek_2Берасцейца Сяргея Якімука выдатна ведаюць у грэка-каталіцкай царкве, куды ён, жывучы па суседстве, ходзіць кожную нядзелю. Сіндром Дауна не перашкаджае яму прыслужваць падчас літургіі, а святар Ігар Кандрацьеў нават называе Сяргея самым адказным з парафіян.

Святар прыгадвае, што ўпершыню Сяргей Якімук з’явіўся каля царквы год дваццаць таму, калі яна яшчэ і царквой не была. Пасябраваў з тагачасным студэнтам Андрэем Кратом, і праз яго далучыўся да сябрыны вернікаў.

Спачатку дапамагаў будаваць душпастырскі цэнтр, а пасля кожны дзень прыходзіў на вячэрнюю службу. З часам яму пачалі давяраць нескладаныя, але важныя для правядзення абрада рэчы, такія як трыманне свечак ці раздача хлеба пасля прычасця.

У пазалітургічны час ён выконвае і іншыя дробныя даручэнні, што дазваляюць яму адчуць значнасць уласнай асобы. Напрыклад, ёсць у яго замацаваны абавязак расстаўляць талеркі на святочны абед, і да гэтай задачы Сяргей ставіцца надзвычай сур’ёзна.

Ігар Бараноўскі, рэдактар газеты “Царква”, лічыць, што адносіны паміж Сяргеем Якімуком, як асаблівым чалавекам, і парафіянамі развіваліся ў рэчышчы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У тым сэнсе, што на прыкладзе Сяргея вернікі вучыліся з цярпеннем ставіцца да іншых людзей, а Сяргей у іх атачэнні вучыўся выразней прамаўляць словы і выказваць думкі.

asablivy_chalavek

“Раней ён вельмі невыразна размаўляў, – дадае на гэты конт Ігар Кандрацьеў. – А цяпер стаў гаварыць нашмат лепей. Мне, канешне, вельмі хочацца верыць, што яму дапамог Святы Дух, што гэта такі цуд, але цалкам магчыма што ён проста ўвайшоў у тое асяроддзе, дзе яго прынялі, дзе яго палюбілі, а ён палюбіў у адказ”.

46-гадовы Сяргей жыве з мамай Надзеяй Іванаўнай, 1932 года нараджэння. Сталай жанчыне ўжо цяжкавата весці дамашнюю гаспадарку, але, на шчасце, побач жыве старэйшая дачка.

Зрэшты, і сама Надзея Іванаўна, хоць і ходзіць з кавенькай, яшчэ даволі спраўная і баявая. Яна пацвярджае словы сына, што ён дапамагае ёй у гаспадарцы, але пацвярджае са смехам – відаць, маці і сын па-рознаму бачаць удзел Сяргея ў стварэнні дамашняй утульнасці. Сяргей у адказ на гэта кладзе руку ёй на плячо і абяцае, што будзе дапамагаць больш.

Некалькі год таму маці ўладкавала Сяргея ў тэрытарыяльны цэнтр сацыльнага абслугоўвання насельніцтва, куды ён дагэтуль ходзіць штодзень і называе свой занятак “працай”. Калі ён пачаў наведваць цэнтр, там рэалізоўвалася спонсарская праграма, у межах якой занятым у працоўных майстэрнях людзям з асаблівасцямі развіцця плацілі нейкі невялікі заробак.

asablivy_chalavek_4

Праграма закончылася, інваліды даўно працуюць проста так, але па звычцы некаторыя з іх працягваюць называць прыбыванне ў рэабілітацыйным аддзяленні працай.

“А што яны там робяць?” – пытаюся я ў Надзеі Іванаўны. “Шыюць, малююць – ну ўсё такое, як у дзіцячым садку, – зноў смяецца Сяргеева маці. – Нікому не плацяць, але ён пенсію атрымлівае, з яго хопіць. Добра, што ходзіць – там з імі займаюцца, яны выступаюць, у музеі іх водзяць…”

Нашы дыялогі з Сяргеем Якімуком хоць і не сягалі так далёка, як размовы з яго атачэннем, але і гэтага хапіла, каб зразумець, што гэты асаблівы чалавек жыве даволі шчасліва. Па дарозе ад царквы дадому ён кратае кожны кусцік і тлумачыць, што тут расце.

asablivy_chalavek_3

Пасля вельмі неабыякава знаёміць мяне са сваім катом і малюнкамі. Вітаецца за руку са знаёмымі мінакамі і абдымаецца з сябрамі.

Усё, як у звычайных людзей, і разам з тым усё асабліва.

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

для друку для друку