Артур Ляшнеўскі SDB склаў вечныя манаскія абяцанні ў салезіянскім таварыстве

13 жніўня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB склаў вечныя манаскія абяцанні ў салезіянскім таварыстве. Гэтая падзея сабрала ў Серабранцы вельмі шмат шаноўных гасцей.

Прыбылі таксама і сабраты-салезіяне, а святую Імшу ў гэты дзень цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Акрамя таго святыня напоўнілася роднымі клерыка, шматлікімі сябрамі і вернікамі. Усё гэта рабіла свята вельмі ўрачыстым і прыгожым.

Кл. Артур сказаў сваё чарговае “так” Богу, і зараз гэтае “так” прагучала назаўсёды. Ён назаўсёды звязаў сябе абяцаннямі беднасці, пакоры і чысціні з салезіянскім таварыствам.

У гаміліі, якую біскуп Аляксандр скіраваў да кл. Артура і ўсіх сабраных, іерарх разважаў над Словам Божым. Ён падкрэсліў, што важна давяраць Пану Богу дарэшты, а таксама адзначыў, што для Бога няма нічога немагчымага: той хто давярае Богу і застаецца верным да канца, атрымае шматлікія ласкі ў жыцці. Іерарх падкрэсліў, як павінна выглядаць сапраўдная вера:

“Для таго, каб сапраўды быць верным вучнем Хрыста, недастаткова нашага тэарэтычнага прызнання, што Ён Сын Божы. Сапраўдная вера ў Хрыста азначае наступнае: па-першае, прызнанне Яго права кіраваць нашым жыццём, паводле Сваёй волі, а па-другое, перастаць думаць па-чалавечаму і пачаць думаць выключна па-Божаму. Па-трэцяе, неабходна быць гатовымі прытрымлівацца ўсюды Хрыста, нават тады, калі гэта будзе патрабаваць нашага жыцця”.

“Клерык Артур, твая кансэкрацыя сёння Богу не будзе мець сэнсу, калі ты не пажадаеш і не зробіш мэтай свайго жыцця, так як прарок Ілля, як святы Ян Боска, як кожны з нас тваіх братоў-салезіянаў… Паказаць адзінага і праўдзівага Бога і служыць праз усё жыццё выключна Яму… А таксама сэрцы сваіх братоў і сясцёр, асабліва сэрцы маладых людзей прывесці да Яго,” – з такімі словамі айцоўскага настаўлення звярнуўся біскуп Аляксандр да Артура Ляшнеўскага.

Пасля клерык Артур перад усім Касцёлам зачытаў формулу вечнай манаскай прысягі, напісаную ўласнай рукой, а потым атрымаў з рук ксяндза Віктара Гайдукевіча салезіянскі крыж – сімвал уваскрашэння і жыцця.

Таксама ў моманце віншаванняў ксёндз Віктар ад імя ўсёй салезіянскай Беларусі скіраваў словы віншавання да свайго сабрата. Ён пажадаў Артуру, каб салезіянскі крыж, які ён сёння атрымаў, стаў для яго напамінам пра сённяшні дзень, напамінам пра момант кансэкрацыі і пра тыя абяцанні, якія ён склаў. Ксёндз-дэлегат заахвоціў Артура стаць “Знакам Божай любові, які правакуе іншых людзей” ісці наперад і дзейнічаць, ісці і шукаць тых людзей, якія патрабуюць Божай любові. Таксама ксёндз Віктар адзначыў, што ніхто ў салезіянскім пакліканні не застаецца самотным: “Брат Артур, ты не адзін, твае сабраты заўсёды дапамогуць, суцешаць і будуць побач з табою!”.

Пасля ўсіх віншаванняў да сабраных прамовіў і сам брат Артур: «Многія кажуць, што манахі бедныя, бо няма сям’і! Няпраўда! Я багаты, бо ў мяне ёсць Вы-вялікая Сям’я!». Ён падзякаваў усім прысутным за тое, што раздзялілі разам з ім такі важны ў жыцці момант.

Атрымаўшы бласлаўленне ўсё пайшлі на працяг святкавання ў араторый, дзе адбыўся святочны абед і віншавальная праграма, падрыхтаваная моладдзю.

Падчас праграмы разважалі над якасцямі сям’і і шмат іх знайшлі, але галоўная з усіх -Любоў!Прадстаўнікі розных араторыяў віншавалі брата Артура і праз падарункі вылучалі яго таленты: крэатыўнасць і таленавітасць.

Свята скончылася, але кожны паабяцаў падтрымліваць малітвай на шляху паклікання нашага новага салезіяніна!

Брат Артур, будзьце верным да канца і вядзіце моладзь да збаўлення!

sdb.by

для друку для друку