Арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці ўручылі ордэн Францішка Скарыны

23 чэрвеня ў Кіеўскім нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета прайшла цырымонія ўручэння ордэна Францішка Скарыны Апостальскаму Нунцыю ва Украіне арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці.

Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ўзнанагароду іерарху ўручыў пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал. У мерапрыемстве прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп Гуджэроцці прадстаўляў Апостальскі Пасад у Рэспубліцы Беларусь з 15 ліпеня 2011 года па 13 лістапада 2015 года.

Указ аб узнагароджванні былога Апостальскага Нунцыя ў Беларусі ордэнам Францыска Скарыны быў падпісаны 7 сакавіка 2017 г. Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Тады «за значны асабісты ўклад у развіццё культурнай спадчыны паміж Беларуссю і Ватыканам» было вырашана адзначыць ордэнам арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці і дырэктара ўстановы «Музеі Ватыкана» Антоніа Паалуччы.

Арцыбіскуп Гуджэроцці ў сваёй прамове, дзякуючы за ўзнагароджванне, падкрэсліў:

«Беларусь і надалей застаецца глыбока ў маім сэрцы са сваёй годнасцю, сваёй працавітасцю, сваёй гасціннасцю і сваёй цішынёй, якая напоўнена чуллівасцю і глыбінёй. Яна навучыла мяне разуменню таго, што народ вялікі не таму, што пра яго шмат кажуць, і нават не таму, што ён сам шмат кажа пра сябе, а вялікі ён тымі жамчужынамі, якія захоўваюцца ў яго сэрцы».

Завяршаючы сваю прамову, іерарх Апостальскага Пасаду працытаваў верш Рыгора Барадуліна, скіроўваючы словы паэта да Беларусі:

«Яе ўратавала ейная вера
Сказаў Ісус.
І ў сэрцы з Ісусам пайшла.
І сталася ў свеце няшэра.
І неба рунела зорным абрусам»

Пасля цырымоніі ўручэння ордэна з нагоды свята Рэспублікі, якое будзе адзначацца ў Беларусі 3 ліпеня, на сцэне тэатра адбылося выступленне канцэрта Беларускага дзяржаўнага харэграфічнага ансамбля «Харошкі» з праграмай «Покліч продкаў».

catholic.by

для друку для друку