- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Арцыбіскуп Кандрусевіч: СДМ у Беларусі – ідэя мае сэнс

kandrusewicz [1]Кракаў у гэтыя дні перажывае сапраўднае свята: Польшча прымае XXXI Сусветныя дні моладзі, на якія прыбылі сотні тысяч пілігрымаў, у тым ліку тысячы – з Беларусі. Добры настрой, знаёмства і малітва – гэта толькі малая частка таго, што нясе ў сабе каталіцкі моладзевы форум. 

Асаблівым для беларускага духавенства і вернікаў з’яўляецца той факт, што Папа ўпершыню прыехаў у Цэнтральна-Усходнюю Еўропу і знаходзіцца зараз як ніколі блізка да Беларусі. А гэта мімаволі прымушае марыць: ці таксама і Беларусь не магла б калісьці стаць месцам правядзення Сусветных дзён моладзі і, такім чынам, прыняць у сябе Пантыфіка.

І думка гэта мае права на існаванне, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які знаходзіцца ў Кракаве ў цэнтры падзей. “Асабліва ў святле таго, што сказаў сам Папа, што гэта яго першы візіт у Цэнтральна-Усходнюю Еўропу, а тут яшчэ адзін крок – і вось Усходняя Еўропа, і Беларусь. Напэўна, адной Беларусі цяжка было б арганізаваць гэты праект: правесці Сусветныя дні моладзі, але калі аб’яднацца, напрыклад, Украіне, Расіі, Беларусі – чаму не? Магло б быць, напрыклад, так: адзін дзень у адной краіне, другіх – у другой, треці – у трэцяй. Можна было б яшчэ нейкую краіну падключыць”, — падзяліўся думкай арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Трэба сказаць, што ідэя гэта не новая. Некалькі гадоў таму арцыбіскуп Рыгі адпраўляў заяўку на правядзенне Сусветных дзён моладзі ў Латвіі і некалькіх суседніх з ёй краінах. Але быў абраны Кракаў.

У ланцужку краін-гаспадароў Сусветных дзён магла б апынуцца і Беларусь, бо яны даўно перасталі быць выключна рэлігійным форумам і пачалі аб’ядноўваць не толькі вернікаў, але і краіны, і народны, упэўнены Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Гэта мела б не толькі рэлігійны аспект, але і аспект аб’яднання народаў. У сваіх словах у пачатку цяперашніх Сусветных дзён моладзі Папа сказаў, што гэты форум – пілігрымка веры і братэрства. А мы ведаем, што сёння існуе крызіс веры. Так, ёсць крызіс палітычны, эканамічны, але ў іх аснове ляжыць крызіс веры. Кожны дзень мы чуем навіны аб тэрарыстычных актах, проста жудасна, а што будзе заўтра? Напэўна, і на постсавецкай прасторы не ўсё добра сёння. Таму такая ідэя, правядзення Сусвеных дзён моладзі у краінах Усходняй Еўропы, мае сэнс”, — лічыць арцыбіскуп.

А ідэя перастае быць ідэяй, калі да яе далучаецца малітва. Вернікі Беларусі заўсёды моляцца за візіт Папы ў краіну. А пакуль у Кракаве атрымліваюць духоўны пад’ём ад малітвы з Пантыфікам і сумеснага перажывання свята і мараць… пра “беларускія” Сусветныя дні моладзі.

Ватыканскае радыё [2]