Аршанскі святар наведвае турму кожны тыдзень

zharnasekКс. Аляксандр Жарнасек наведвае аршанскую турму кожны тыдзень. Ён ведае, як жывуць людзі за кратамі і як шукаюць Госпада. Айцец Аляксандр згадзіўся адказаць “Каталіцкаму Весніку” на некаторыя пытанні пра тых людзей, што пазбаўлены волі.

Чаму Вы пачалі хадзіць у вязніцу?

– У свой час біскуп Уладзіслаў Блін выпісаў дэкрэт, каб я хадзіў у вязніцу. Тады я толькі пачаў працаваць у Оршы. Але не было сказана, у якую канкрэтна турму. У Оршы – 2 турмы: 8-ая і 12-ая. І я не хадзіў, бо ведаў і быў упэўнены, што туды ходзяць два святары. Адзін – у адну, другі – у другую. Але аднойчы на нейкім свяце я даведаўся, што яны ходзяць у адну калонію. Памятаю, мне зрабілася так неспакойна, я пачаў мучацца, уявіўшы, што там знаходзяцца людзі, якія хочуць паспавядацца, пакаяцца – а не могуць, можа, нават і паміраюць там. На наступны дзень мы пілі каву з маім сабратам-марыянінам. Я сказаў яму, што мне неспакойна, што там нікога няма і трэба ісці. Толькі гэта сказаў – і чую, як мне прыходзіць смс з фрагмента Паслання да Рымлянаў з такімі словамі: “Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле там, дзе яшчэ не было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку, але як напісана: “Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць; і тыя, хто не чуў, зразумеюць”. Гэта быў знак ад Госпада.

Як Вас успрымаюць людзі, што знаходзяцца за кратамі?

– Па-рознаму. Калі мы пачыналі сустрэчы, нас было чацвёра ці пяцёра. Пасля група вырасла да 20, пазней было і 25 чалавек. Усё залежыць ад таго, куды каго пераводзяць. З’яўляюцца новыя людзі. Каталікоў там няшмат. Мы падымалі такое пытанне: ці могуць проста прыходзіць зацікаўленыя? Так. Могуць. Наведвалі некаторыя праваслаўныя, сталі хадзіць пратэстанты, бо пастыр да іх не ходзіць. Таму ўспрымаюць па-рознаму. Былі такія, што хацелі ад мяне нейкай выгады, думалі, што я буду нешта прыносіць ім. Памятаю такую гісторыю, калі адзін вязень падыходзіў, расказваў нешта рэлігійнае, а пасля штосьці прасіў у мяне… Здалёк таксама сядзеў зняволены і стаў на яго крычаць, каб той не лез да мяне… Яны ведаюць адно аднаго нібы псіхолагі. Жывуць разам у закрытым асяроддзі. Таму павінен быў прайсці час, пакуль я больш-менш зразумеў кожнага. Некаторыя людзі казалі, што мой прыход да іх – “глыток свабоды”. Успрымалі мяне як чалавека звонку. Некаторыя думалі пра гэта ў рэлігійным плане і казалі, што чакаюць нядзелі, калі я прыйду. А некаторыя бачылі такую надзею на тое, што за сценамі турмы ёсць жыццё. Быў такі перыяд, калі яны паміж сабой спрачаліся на тэму веры, даказвалі нешта адно аднаму. І калі я прыходзіў, то пасля казання або размовы ім адкрываліся адказы. Потым яны ўжо ўспрымалі гэта як норму і чакалі нядзелі… Так дзейнічаў Дух Святы.

Што адбываецца з верай людзей у турме?

– Я бачу, што сітуацыя ў турме падобная да становішча на волі. Той, хто шукае Госпада, Яго знаходзіць. А той, што робіць гэта толькі па традыцыі, такім і застаецца. Нават да майго прыходу той, хто рабіў крокі з Госпадам, ён і надалей робіць. Часам бачыш на Імшы чалавека, які моліцца, спавядаецца, па ім бачна, чаго ён шукае. А часам тыя, хто выходзіў з турмы, вярталіся назад. Я нават не здзіўляўся. Я бачыў, што была такая знешняя ілюзія: чалавек моліцца, а на самай справе ў адносінах з Госпадам не ўзрастае. Таму мая паслуга – гэта такое звяно ў Божым ланцужку. А Госпада яны шукаюць самі. Раней я расчароўваўся: чалавек выходзіць на волю, ты на яго ўскладаеш надзею, а ён зноў вяртаецца ў турму. Таму самае галоўнае – мець жывыя адносіны з Богам.

Чым адрозніваецца служэнне на волі і ў вязніцы?

– Некалі да мяне прыйшла думка: гэта такія самыя людзі, як і мы… Гэта для нас яны “зэкі”. Канешне, трэба браць пад увагу і тое, што на сустрэчы прыходзяць “анёлы” ў параўнанні з тымі, хто застаецца ў камерах. Насамрэч, мараль часцей у турэмным асяроддзі на вельмі нізкім узроўні. Заўважыў такую схему: грашыш першы раз – табе страшна, наступныя разы прасцей паўтарыць. Грэх уцягвае. На зоне гэтая ж схема. Толькі зняволеныя спрабавалі “іншы калібр” граху. Таму такія людзі павінны яшчэ больш працаваць над сабой.

Вы адпраўляеце толькі Св. Імшу ў турме?

– Святую Імшу я адпраўляю раз на месяц. А так прыходжу да іх з казаннямі, з гітарай, мы разам спяваем. Падчас казання яны могуць задаваць розныя пытанні, цікавяцца розным. Калі браць тэмы, то гэта вера, грэх, любоў Божая, вернасць, сіла Духа Святога.

Што Вы адкрылі для сябе за час гэтага служэння?

– Па-першае, гэта тое, што туды мяне накіраваў Госпад. Па-другое, я пераламаў сябе ў такіх меркаваннях, што ёсць людзі лепшыя і горшыя, у тым, што гэта бандыты і іх патрэбна асуджаць. Канешне, не гаворыцца пра тое, што яны добрыя. Гасподзь проста дазволіў глядзець на гэтых людзей па-іншаму, без асуджэння і страху. Я чуў шмат гісторый славы Божай. Мы жывём і ўсё маем у жыцці. А калі чакаем чагосьці ад Госпада, то гэта нешта незвычайнае і фантастычнае. А там ёсць людзі, якія радуюцца з’яўленню пачка гарбаты, атрыманаму пісьму, таму, што адрамантавалі нейкі відэамагнітафон. Гэтыя людзі шануюць маленькае.

Яшчэ ёсць такая праблема. Калі ты вырас у бандыцкім асяроддзі, а пасля выхаду з турмы хочаш стаць дорым чалавекам, табе няма куды ісці. Гэтыя людзі спадзяюцца толькі на Госпада. Памятаю, як адзін зняволены, будучы на свабодзе, патэлефанаваў мне і сказаў: “Перадайце братам на зоне, што, калі яны выйдуць, няхай вераць толькі Богу”… Ёсць такі прынцып: у чым цябе пасадзілі, у тым ты і выйдзеш. Яго пасадзілі ў нейкіх кедах. Адразу, выйшаўшы, ён падумаў, што патрэбна набыць новы абутак. Потым пайшоў у царкву памаліцца. Там да яго падыходзіць жанчына і пытае: “Які ў цябе памер абутку?” У яго быў 43-ці. Жанчына кажа: “У мяне памёр муж. Я хачу табе даць новы абутак твайго памеру”… Гэта сапраўды цуд Божы, які праяўляецца там, дзе ёсць нейкая бездапаможнасць, немач. Госпад з’яўляецца абаронцам такіх людзей. Часам людзі ўцякаюць у турму, яны там заўважаюць не толькі галечу людскую, але і славу Божую.

Падрыхтавала Ірына Грэйць

для друку для друку