- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікае маліцца аб выбаўленні ад эпідэміі каранавірусу

[1]ЗВАРОТ

Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Свет ахапіла эпідэмія каранавірусу. Заразная і небяспечная хвароба праяўляецца ва ўсё большай колькасці краін свету, у тым ліку і ў Беларусі. Лекары і санітарныя службы робяць усё магчымае, каб яе прадухіліць і як мага хутчэй вылячыць захварэўшых. Пры гэтым яны нават рызыкуюць сваім жыццём.

У той самы час, памятаючы пра словы Хрыста, што без Яго мы нічога не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5), іх ахвярныя высілкі неабходна падмацаваць малітвай.

У сувязі з гэтым звяртаюся да святароў і вернікаў з заклікам на кожнай святой Імшы падчас малітвы вернікаў маліцца ў інтэнцыі абароны нашага народа ад гэтай небяспечнай заразнай хваробы, а таксама ў інтэнцыі ўсіх захварэўшых, лекараў і супрацоўнікаў службы аховы здароў’я.

Заахвочваю таксама пасля цэнтральных нядзельных і святочных Імшаў спяваць суплікацыю «Святы Божа, Святы моцны, Святы нясмяротны», каб прасіць міласэрнага Бога аб выбаўленні ад небяспечнай пагрозы каранавірусу.

Адначасова звяртаюся да вернікаў з заклікам захоўваць спакой, выконваць распараджэнні душпастыраў, прадпісанні лекараў і асабліва дбаць пра захаванне адпаведных санітарных нормаў.

Няхай добры і міласэрны Бог праз заступніцтва святога Роха, апекуна і абаронцы ад заразных хваробаў, захавае нас ад эпідэміі каранавірусу і адорыць ласкаю здароў’я душы і цела.

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Catholic.by [2]