Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: вымалёўваецца надзея на візіт Папы ў Беларусь

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў у інтэрв’ю парталу Catholic.by пра кароткую размову з Папам рымскім у Ватыкане.

Тадэвуш Кандрусевіч удзельнічае ў працы Сіноду Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. 11 кастрычніка ён выпадкова сустрэў Пантыфіка па дарозе ў залу Паўла VI.

“Папу я прывітаў словамі на італьянскай мове: «Добры дзень, Ваша Святасць». Ён адразу пазнаў мяне і, як стары знаёмы, спытаў, як ідуць справы ў Беларусі, падкрэсліваючы, што прэзідэнт жадае яго візіту ў Беларусь. Я сказаў, што час ідзе наперад і, як падаецца, надзея на такі візіт вымалёўваецца”, — распавёў арцыбіскуп.

Але пры гэтым Мітрапаліт не растлумачыў, што канкрэтна ён мае на ўвазе.

Падчас размовы Мітрапаліт праінфармаваў Папу пра юбілей 40-годдзя прызначэння мітрапаліта Філарэта ў Беларусь і сказаў, што буду тэлефанаваць да юбіляра. Папа прасіў павіншаваць іерарха і ад яго імя.

У лютым Тадэвуш Кандрусевіч казаў, што сёлета візіт Папы ў Беларусь немагчымы, паколькі графік візітаў ужо распісаны. “Аднак ён вельмі хацеў бы прыехаць”, заявіў тады Мітрапаліт.

На асабістай сустрэчы з Папам Францішкам, якая адбылася 21 мая 2016 года ў Апостальскім палацы ў Ватыкане, Аляксандр Лукашэнка запрасіў Пантыфіка наведаць Беларусь.

“Прыяжджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле svaboda.org

для друку для друку