Арцыбіскуп Пінтэр сустрэўся з Міністрам замежных спраў Беларусі

Арцыбіскуп Пінтэр падчас сустрэчы з Уладзімірам Макеем. Фота: mfa.gov.by

10 студзеня 2020 года арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусі Уладзімірам Макеем у сувязі з завяршэннем сваёй дыпламатычнай місіі ў краіне.

Падчас сустрэчы былі разгледжаны актуальны стан і перспектывы пашырэння дыялогу паміж Беларуссю і Святым Пасадам у розных галінах, “уключаючы супрацоўніцтва ў гуманітарнай і культурнай сферах, узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках”, — паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў.

Адзначаецца, што міністр падзякаваў нунцыю “за ўклад у развіццё дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам, а таксама за актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі знакавых для абодвух бакоў мерапрыемстваў”.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі з 2016 года. 12 лістапада 2019 года Францішак прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Гандурасе.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку