Арцыбіскуп Кандрусевіч выпісаны са шпіталя і дзякуе за малітвы

18 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў выпісаны са шпіталя ў Беластоку (Польшча), дзе яму была паспяхова зроблена аперацыя, і цэлебраваў св. Імшу за лекараў і за тых, хто маліўся за яго здароўе.

Парталу Catholic.by іерарх паведаміў:

“З кожным днём адчуваю сябе ўсё лепш і магу без праблем хадзіць. Зразумела, што не на 5 ці 10 кіламетраў, але на працягу дня ў суме праходжу каля двух кіламетраў, за адзін раз пераадольваючы адрэзкі па 200–300 метраў. Спадзяюся, што дыстанцыя з кожным днём будзе павялічвацца. Гэта таксама рэкамендацыя дактароў, якія сцвярджаюць, што рух — найлепшая рэабілітацыя.

Разам з тым у гэтым нельга перастарацца. Вядома, яшчэ застаецца шмат абмежаванняў: практычна нельга сядзець і стаяць, згінацца, рабіць рэзкія рухі і г.д. Перыяд рэабілітацыі займае шмат часу і патрабуе абмежавання актыўнасці. Але я спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Шчыра дзякую Богу і лекарам, якія з’яўляюцца прыладамі ў Ягоных руках.

Упершыню перад аперацыяй я пачуў ад дактароў, што ўсё залежыць ад Бога і што трэба маліць Яго аб тым, каб яна прайшла паспяхова.

Дзякую ўсім, хто маліўся і моліцца за мяне: я ведаю, што такіх людзей шмат як у Беларусі, так і за мяжой. Першую пасля выхаду са шпіталя святую Імшу я цэлебраваў у інтэнцыі лекараў і ўсіх тых, хто іх і мяне малітоўна падтрымліваў”.

Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

для друку для друку