Арцыбіскуп Кандрусевіч скіраваў слова да вернікаў Віцебскай дыяцэзіі з нагоды перэгрынацыі фігуры Арханёла Міхала

21 верасня, у свята апостала Мацвея, у Віцебску ў межах перэгрынацыі фігуры святога Арханёла Міхала па катэдрах дыяцэзій на Беларусі адбылася Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Фігуру нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі прынялі ў віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага на мінулым тыдні.

Беларускія вернікі моляцца праз заступніцтва Князя нябесных войскаў, просячы спынення пераследу Касцёла і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне.

Увечары ў панядзелак цэлебрацыю святой Імшы ў гэтай інтэнцыі ў катэдральным касцёле сваёй дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Сваё слова да вернікаў і іх пастыра скіраваў з выгнання Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У ім іерарх перадусім адзначыў глыбокую сімвалічнасць прысутнасці фігуры пераможцы злога духа ў катэдры, якая мае тытул Езуса Міласэрнага.

«Розныя палітычныя і грамадскія сілы прапануюць свае спосабы вырашэння крызісу, якія, на жаль, пакуль што безвыніковыя. <…>

Вядома, што прычынай усялякага зла з’яўляецца грэх. Як маленькі і нябачны каранавірус змяніў свет да непазнавальнасці, таксама і нябачны чалавечаму воку грэх змяняе чалавека так, што ён траціць закладзены ў нас Творцам Божы вобраз. У выніку замест таго, каб быць святыняю Святога Духа, чалавек становіцца месцам прабывання злога духа.

Таму першым крокам на шляху да завяршэння крызісу павінна стаць асабістае навяртанне кожнага чалавека і супольнае навяртанне ўсяго грамадства.

Нездарма першымі словамі Езуса да людзей быў заклік: „Навяртайцеся і верце ў Евангелле“. Без духоўнай перамены, якая ўключае ў сябе навяртанне да Бога і ўчынкі міласэрнасці, нельга казаць пра аднаўленне грамадства»,

— падкрэсліў арцыпастыр.

Гаворачы пра веліч Божай Міласэрнасці, ён нагадаў, што, хоць чалавек адвярнуўся ад Бога, але Бог не адвярнуўся ад чалавека.

«Таму сёння, падчас нябачанага крызісу, які перажывае наша краіна, нам неабходна звярнуцца да Божай Міласэрнасці», — заахвоціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Карыстаючыся нагодаю, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату, якому незаконна было забаронена вярнуцца на Радзіму, падзякаваў вернікам Віцебскай дыяцэзіі за малітвы аб хутчэйшым завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу, а таксама ў яго інтэнцыі.

«Сітуацыю, у якой я знаходжуся, успрымаю як яшчэ адно Божае выпрабаванне; як крыж, які Бог усклаў на мае плечы. А ў крыжы наша надзея»,

— падкрэсліў арцыбіскуп.

З Віцебска фігура святога Арханёла Міхала скіруецца ў сталіцу нашай краіны, дзе 29 верасня, у свята нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі, перэгрынацыя завершыцца ўрачыстай святой Імшой у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Catholic.by

для друку для друку