Арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў Гродна, дзе 30 гадоў таму распачаў біскупскае служэнне

10 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адзначыў 30-годдзе біскупскага служэння. Па словах самога іерарха, яго вялікім жаданнем было менавіта ў гэтай святыні падзякаваць Пану Богу за ўсё дабро, атрыманае за гэтыя 30 гадоў, і ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на яго шляху.

14 лютага 1988 г. кс. доктар Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны пробашчам гэтай парафіі пасля 28 гадоў адсутнасці ў ёй святара. Аднак Бог меў свае планы, таму новаму пробашчу не было дадзена доўга служыць у гэтым касцёле і горадзе над Нёманам. 25 ліпеня 1989 г. ён быў прызначаны біскупам Мінскім і Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. А 28 кастрычніка ў Фарным касцёле ў Гродне адбыўся яго інгрэс як першага біскупа на гэтай зямлі з часоў ІІ Сусветнай вайны.

Новы імпульс

Урачыстасць падзякі за 30 гадоў служэння арцыбіскупа Тадэвуша сабрала мноства жыхароў Гродна. Спачатку яны пабачылі кароткі архіўны відэаматэрыял пра інгрэс, падрыхтаваны раней кс. Казімірам Жылісам.

Затым пачалася ўрачыстая Імша. Усіх прысутных прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ён адзначыў, што 1989 год стаў пачаткам вялікіх змен у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што арцыбіскуп Кандрусевіч унёс вялікі ўклад у адраджэнне Касцёла на нашай зямлі і стаў “імпульсам” да таго, каб адважна ісці наперад, развівацца. Біскуп заахвоціў усіх прысутных атачыць сваімі малітвамі шаноўнага юбіляра, каб ён і далей у моцы духа вёў наш Касцёл і быў яго стаўпом.

Звяртаючыся да сабраных, арцыбіскуп Тадэвуш адзначыў, што з вялікай радасцю ў сэрцы стаіць у гэтым месцы, дзе валадарыць Маці Божая Кангрэгацкая на копіі абраза Salus populi Romani (“Збаўленне рымскага народа”) з базылікі Маці Божай Вялікай у Рыме.

“Будучы вучнем, я прыходзіў сюды, каб прасіць дапамогі ў вучобе. Потым разам з верным гродзенскім людам перажываў ганебнае рашэнне атэістычных уладаў пакінуць гэты касцёл без святара, што працягваласяажно 28 доўгіх гадоў”, – сказаў іерарх.

Старшыня беларускага епіскапату падкрэсліў, што лёс гэтай святыні быў яму неабыякавы, ён дзівіўся вернікам, якія, лежачы крыжам на падлозе, мужна баранілі касцёл, калі ўлады вырашылі зачыніць яго.

Іерарх дадаў, што дзякуючы вялікай актыўнасці вернікаў і іх велізарнаму клопату пра будучыню Касцёла сённяшняя катэдра захавалася і не падзяліла лёс Фары Вітаўта – найстарэйшай гродзенскай каталіцкай святыні XVI ст., якая 29 лістападa 1961 г. а другой гадзіне ночы была разбурана.

Праз 28 гадоў святыня, якая не мела свайго святара, атрымала маладога энергічнага душпастыра ў асобе сённяшняга арцыбіскупа. З гэтай хвіліны пачаўся паступовы працэс адраджэння. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў, што важным крокам у гэтым працэсе быў візіт у гэты гродзенскі касцёл 5 верасня 1988 г. прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа.

Цяжкія пачаткі

Як падкрэсліў іерарх, візіт у Беларусь прымаса Польшчы, які адбыўся па запрашэнні праваслаўнага Мітрапаліта Філарэта, звеставаў надыход новых часоў, што хутка сталася. Бо менш чым праз год з часу візіту прыйшла з Ватыкана радасная навіна, што Беларусь атрымала свайго пастыра – першага біскупа з часоў Другой сусветнай вайны.

“Трэба было ісці ў невядомае, ствараць касцёльныя структуры, адкрываць адабраныя раней касцёлы, шукаць святароў і сясцёр законных, клапаціцца пра выданне рэлігійнай літаратуры і г.д. Часам трэба было станавіцца быццам “бульдозерам”, каб расчышчаць пакінутыя атэістычным рэжымам заторы на дарозе для Хрыста да сэрца чалавека”, – сказаў іерарх.

Ён падкрэсліў, што сёння, калі адзначае 30-годдзе біскупскай сакры, дзякуе найперш Богу, Найсвяцейшай Маці і св. Міхалу Арханёлу за апеку і дапамогу ў выкананні служэння наступніка апосталаў у Беларусі і Расіі. Арцыбіскуп дадаў, што дзякуе ўсім, хто дапамагаў яму ў гэты час.

Па яго словах, сёння Касцёл у Беларусі і ў Расіі моцна стаіць на сваіх нагах, хоць праблем хапае. Іерарх заўважыў, што сярод гэтых праблем не вырашаная да канца прававая сітуацыя Касцёла ў Беларусі, бо няма канкардата і нават дамовы паміж Канферэнцыяй Біскупаў і дзяржавай, што палегчыла б дзейнасць Касцёла ў нашай краіне. Акрамя яшчэ недастаткова развітай матэрыяльнай базы, недахопу касцёлаў, святароў, законнікаў і законніц, добра інфармаваных свецкіх вернікаў, вялікай пагрозай ён назваў дэградацыю духоўных каштоўнасцяў.

Змагацца за свабоду

Таму, адзначыў арцыбіскуп, Касцёл, нягледзячы на ўсё, быў, ёсць і заўсёды будзе вартаўніком і вестуном веры. “За веру трэба было змагацца ў часы ваяўнічага атэізму. І хоць гэта гучыць парадаксальна, але ў часы свабоды рэлігіі гэтую барацьбу трэба працягваць. Свабода не толькі дадзена, але і з’яўляецца заданнем”, – сказаў ён.

Усіх прысутных ён заклікаў быць вернымі Богу і супрацьстаяць тым навінкам сучаснага свету, якія вядуць да дэградацыі чалавецтва і сям’і.

“Будзем памятаць, каму мы паверылі. Будзем верныя Езусу – адзінаму Збаўцу свету, які прыйшоў агонь кінуць на зямлю і хоча, каб ён разгарэўся. Гэта агонь Духа Святога. Няхай ад яго новай іскры, 30 гадоў таму кінутай Божым Провідам на нашу змучаную пераследам зямлю, запалае моцнае полымя веры, якая вядзе да збаўлення”, – сказаў Мітрапаліт.

На заканчэнне ўрачыстасці ў адрас юбіляра прагучала шмат добрых слоў і пажаданняў. Самыя малодшыя, дзеці, жадалі іерарху быць заўсёды радасным, старэйшыя жадалі маладога запалу, які яму заўсёды спадарожнічае.

Пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі перадаў арцыбіскупу ў падарунак новы наручны гадзіннік, цыферблат якога паўтарае цыферблат вежавага гадзінніка касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, a на адваротным баку выгравіравана ўжо знішчаная святыня Найсвяцейшай Панны Марыі – Фара Вітаўта.

Гэтая цудоўная ўрачыстасць стала добрай нагодай выказаць Богу ўдзячнасць за ўсе ласкі, спасланыя на горад Гродна і ўсю нашу краіну, за адраджэнне веры ў сэрцах людзей і за гэты прыгожы, жывы і найперш усё яшчэ малады Касцёл у Беларусі.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
Андрэй Юхнік, фота

для друку для друку