Арцыбіскуп Габар Пінтэр: буду неафіцыйным паслом Беларусі ў свеце

5 снежня 2020 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі св. Імшу на заканчэнне сваёй працы ў Беларусі ўзначаліў Апостальскі Нунцый, арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Развітацца з іерархам сабраўся ўвесь склад Канферэнцыі Біскупаў, святары і сотні вернікаў. Наперадзе ў дыпламата місія ў Гандурасе, за плячыма – больш чым тры гады служэння ў Беларусі, за якія, шчыра прызнаўся іерарх, ён удзячны Богу.

“Самае галоўнае, што хацеў сказаць: я вельмі рады, што быў тут, у Беларусі, пазнаёміўся з народам і Касцёлам. Для мяне – цуд, што Касцёл жыве і развіваецца пасля настолькі доўгіх гадоў атэізму, жыве вельмі актыўна і дынамічна. Для мяне гэта таксама вопыт. Я вельмі шмат працаваў падчас гэтай місіі. Самы вялікі досвед для мяне, бачыць, як Касцёл і народ жыве. І я цяпер буду неафіцыйным паслом Беларусі: буду распавядаць аб тым, што бачыў тут”, — падзяліўся думкамі арцыбіскуп Пінтэр.

Бабруйск, Іўе, Нарач, Гомель, іншыя абласныя гарады і сталіца. Ён наведаў шматлікія куткі краіны, шмат сустрэч правёў у мінскай архікатэдры, удзельнічаў у беларускіх святах, прылятаючы нават у Будслаў на верталёце, сустракаўся з духавенствам, прадстаўнікамі ўлады і замежнымі гасцямі. Маліўся за Беларусь і благаславіў беларусаў. Увогуле, стаў блізкім для вернікаў краіны. А яны сёння не хавалі свайго суму і шчыра дзякавалі за адданасць Езусу і місіі.

“Іншаземец, венгр, арцыбіскуп Габар Пінтэр хутка стаў беларусам: ён размаўляе па-беларуску, набажэнства праводзіць па-беларуску. Дзверы нунцыятуры былі адчыненыя для ўсіх, але і сэрца Нунцыя было адкрыта заўсёды. Дзякуем за гэта і за працу. Ён быў тым, хто злучаў Касцёл у Беларусі з Святым Пасадам, са Святым Айцом.

Сёння малітоўна жадаем, каб Бог благаславіў на новым месцы працы. Ён заставіў свой след, і гэта важна. Мы шмат чаму навучыліся ў Нунцыя, і за гэта ўдзячныя Богу. Сёння просім благаслаўлення для яго”, — скіраваў словы падзякі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Нагадаем, што Папа Францішак 12 лістапада 2019 г. прызначыў арцыбіскупа Габара Пінтэра Апостальскім Нунцыем у Гандурасе. Сваю місію ў Беларусі, краіне, якая застанецца не толькі ў яго біяграфіі, але і ў сэрцы, ён завершыць, калі ўвойдзе на борт самалёта ў Мінскім аэрапорце.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку