- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень моладзі

[1]Не дазвольце, каб “моладзевае ззянне пагаснула ў цемры зачыненага пакою, дзе адзіным вакном, каб глядзець на свет, з’яўляецца камп’ютэр і смартфон”, заклікаў Францішак юнакоў і дзяўчат ва ўсім свеце з нагоды ХХХІІІ Сусветнага дня моладзі, які будзе адзначацца ў Пальмовую нядзелю, 25 сакавіка 2018 г., на дыяцэзіяльным узроўні.

У пасланні на тэму “Не бойся Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана” (Лк 1,30)”, Святы Айцец нагадаў, што сёлетняе свята стане чарговым крокам да Сусветных дзён моладзі, якія ў 2019 г. пройдуць у Панаме. Акрамя таго ў кастрычніку ў Ватыкане адбудзецца XV Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў, прысвечаная моладзі – “каштоўнаму дару” для “Бога, Касцёла і свету”.

Пантыфік заўважыў, што ў маладым узросце чалавек нярэдка сустракаецца з вялікай колькасцю страхаў, напрыклад, перад тым, што яго не будуць любіць і прымаць такім, які ёсць, або перад немагчымасцю рэалізаваць свае мары па прычыне адсутнасці добрай працы.

“Сёння існуе шмат юнакоў і дзяўчат, якія маюць пачуцце, што павінны быць не такімі, якімі з’яўляюцца на самой справе”, — заўважыў Пантыфік і дадаў, што “спрабуючы адпавядаць часта штучным і недасягальным стандартам”, многія маладыя людзі “нястомна здзяйсняюць рэтушаванне сваіх выяваў” у віртуальны свеце, хаваюцца за “маскамі і фальшывымі ідэнтычнасцямі” і такім чынам самі становяцца “фэйкам”.

Спрагнёную па “лайках” моладзь, Францішак заклікаў з дапамогай “распазнання” навесці парадак у думках і пачуццях, каб дзейнічаць слушна і разважліва. “Не бойцеся сумленна паглядзець на свае страхі, распазнаць іх прычыны і паквітацца з імі”, — напісаў Папа. Па прыкладзе Панны Марыі, важна не баяцца расчыніць дзверы ўласнага жыцця, адкрыцца на іншых людзей, дадаў ён.

“Для нас, хрысціян, страх ніколі не павінен мець апошняе слова, але павінен быць нагодай, каб зрабіць чын веры ў Бога… а таксама ў жыццё! Гэта значыць паверыць у фундаментальную дабрыню жыцця, якое Бог нам падарыў, паверыць, што Ён вядзе да добрай мэты, нават праз часта таямнічыя для нас абставіны і выпрабаванні”, — заўважыў Папа і дадаў, што заклік “Не бойся” прысутнічае ў Бібліі 365 разоў, нібыта кожны дзень на працягу года Бог хоча вызваліць нас ад страху.

Святы Айцец адзначыў, што распазнанне з’яўляецца неад’емным калі гаворка ідзе пра пакліканне. Неабходна “цішыня малітвы, каб слухаць голас Бога, які гучыць у сумленні”. Пан стучыць у дзверы нашых сэрцаў жадаючы ўсталяваць сяброўства з намі праз малітву, прамаўляючы ў Святым Пісанні, прапануючы сваю міласэрнасць у сакраманце споведзі, становячыся з намі адно ў эўхарыстычнай Камуніі, напісаў Францішак.

Кожнага чалавека Бог кліча па імені, што азначае яго выключнасць і вялікую годнасць у вачах Пана. “Божае пакліканне, будучы асабістым і непаўторным, патрабуе ад нас адвагі, каб вызваліцца ад уніфікаваных ментальных схемаў і дазволіць нашаму жыццю стаць па-сапраўднаму арыгінальным і непаўторным дарам для Бога, Касцёла і іншых людзей”, — падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў моладзь мужна адкрыцца на Божую ласку, якая робіць рэальнасцю немагчымае. Запэўніваючы ў даверы сучасных юнакоў і дзяўчат, Папа заахвоціў іх “рабіць свет лепшым”, пачынаючы ад блізкіх ім асяроддзяў. “Я жадаю, каб у Касцёле вам былі давераны важныя заданні, каб вам не баяліся даваць прастору для дзейнасці, а вы рыхтуйцеся да гэтай адказнасці”, — напісаў ён.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заклікаў маладых людзей, па прыкладзе Панны Марыі, любоў якой знайшла выйсце ў дары сябе, не шукаць камфортнага жыцця, хаваючыся ад цяжкасцяў, але выходзіць насустрач іншым і любіць, асабліва самых слабых і бедных.

Ватыканскае радыё [2]