Апублікавана пасланне Папы на Сусветны дзень міру

Любоў да ворага з’яўляецца ядром хрысціянскай рэвалюцыі, падкрэсліў Святы Айцец у пасланні на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2017 г.

«Ненасілле: стыль палітыкі для міру» – так гучыць яго сёлетняя тэма. Папскі дакумент быў апублікаваны і прадстаўлены 12 снежня 2016 г. у Ватыкане.

Папа Францішак пажадаў, каб любоў і ненасілле кіравалі не толькі міжасабовымі адносінамі, а таксама сацыяльнымі і міжнароднымі. Са сваім пасланнем Папа звярнуўся да ўсіх людзей добрай волі і падкрэсліў, што ненасілле – гэта лад жыцця, які павінен характарызаваць усе рашэнні ў сферы сямейных стасункаў і адносін паміж краінамі.

Пантыфік з жалем нагадаў пра “фрагментарную сусветную вайну”, якая трывае ў свеце і выклікае жудасныя пакуты людзей. Ён асудзіў тэрарызм і непрадбачныя ўзбоенныя напады, злоўжыванні адносна мігрантаў, знішчэнне навакольнага асяроддзя і вялізарныя выдаткі на ваенныя мэты.

Таксама і Езус жыў у гвалтоўныя часы, але нястомна прапаведваў безумоўную Божую любоў. Паводле Папы, Хрыстус “вызначыў шлях ненасілля, якім прайшоў аж да канца, аж да крыжа, праз які рэалізаваў мір і знішчыў варожасць”. “Быць сапраўднымі вучнямі Езуса сёння значыць пагаджацца з Яго прапановай ненасілля”, бо “любоў да ворага складае ядро хрысціянскай рэвалюцыі”, дадаў Святы Айцец.

Святы Айцец паставіў у прыклад шматлікіх вялікіх гістарычных дзеячаў, якія менавіта дзякуючы ненасіллю змаглі дасягнуць важных вынікаў у жыцці грамадстваў. Сярод іх: св. Маці Тэрэза з Калькуты, Марцін Лютэр Кінг, Махатма Гандзі і іншыя. Папа ўзгадаў таксама св. Яна Паўла ІІ і негвалтоўны пратэст шматлікіх дзеячаў з Усходняй Еўропы, які прывёў да падзення камуністычных рэжымаў.

Пантыфік заўважыў, што Касцёл спрыяе развіццю стратэгій ненасілля ў многіх краінах свету, нават заклікаючы найбольш гвалтоўныя элементы да будавання справядлівага і трывалага міру. У той жа час, ненасілле – гэта не толькі спадчына Каталіцкага Касцёла, але многіх рэлігійных традыцый. Францішак чарговы раз падкрэсліў, што апраўданне насілля рэлігіяй з’яўляецца абразай Бога. “Толькі мір святы, а не вайна”, — дадаў ён.

У сваім пасланні Святы Айцец закрануў праблему насілля ў сям’і. Паводле яго слоў, тэрмінова неабходна, каб радасць любові выйшла з сямейных асяродкаў і распаўсюдзілася па ўсім свеце, заззяла ва ўсім грамадстве. Папа асудзіў насілле ў адносінах да жанчын і дзяцей і нагадаў пра заклік св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса аб будаванні міру праз штодзённыя жэсты.

У апошняй частцы дакументу Пантыфік назваў евангельскую прамову Хрыста аб благаслаўленнях “інструкцыяй” па будаванні міру. Яна з’яўлецца праграмай і выклікам для палітычных і рэлігійных лідэраў, кіраўнікоў міжнародных арганізацый, лічыць Папа. “Актыўнае ненасілле – гэта магчымасць прадэманстраваць, што еднасць па-сапраўднаму мацней і плённей, чым канфлікты”, — дадаў ён.

Сусветны дзень міру быў устаноўлены папам Паўлам VI у 1967 г. і будзе адзначацца ўжо ў пяцідзесяты раз. Пасланне Святога Айца рассылаецца ў канцэлярыі кіраўнікоў дзяржаў ва ўсім свеце і вызначае дыпламатычную лінію Апостальскай Сталіцы на ўвесь год.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку