Апублікавана була Святога Айца на Год Міласэрнасці

AP2834448_ArticoloМіласэрнасць – “краевугольны камень, які падтрымлівае жыццё Касцёла”. Гэта лейтматыў булы “Misericordiae Vultus” Папы Францішка, якая абвяшчае Год Божай Міласэрнасці. Дакумент быў апублікаваны 11 красавіка з нагоды Першых Нешпараў Нядзелі Божай Міласэрнасці, якія ўзначаліў у ватыканскай базыліцы сам Пантыфік.

Була абвяшчае адкрыццё “Святых дзвярэй” не толькі ў базыліцы св. Пятра і рымскіх папскіх базыліках, але і спецыяльных “Дзвярэй міласэрнасці” ў “кожным мясцовым Касцёле” і санктуарыях. Сваёй булай Папа даў магчымасць падчас Вялікага посту 2016 года ўстанавіць у дыяцэзіях “місіянераў міласэрнасці”, святароў, якім будзе дадзена “ўлада дараваць грахі, зарэзерваваныя Апостальскай Сталіцай”. Ён заклікаў арганізаваць на ўзроўні мясцовых Касцёлаў так званыя “народныя місіі” – від паглыбленых духоўных практыкаванняў для вернікаў.

Пантыфік падкрэсліў, што Год Божай Міласэрнасці – гэта час даравання правінаў і крыўдаў сваім бліжнім. Сённяшні чалавек часта спасылаецца на справядлівасць і зусім забываецца пра міласэрнасць. Усюды, дзе ёсць хрысціяне, павінен быць “аазіс міласэрнасці”.

У другой частцы булы Францішак прапануе некаторыя практычныя парады для перажывання юбілейнага году ў духоўнай паўнаце: здзейсніць пілігрымку, не асуджаць іншых, быць здалёк ад “рэўнасці і зайздрасці”, станавіцца “інструментам прабачэння”, адкрыць сваё сэрца для тых, хто жыве на ўзбочыне грамадства, у “няўпэўненасці і пакутах”, “на многіх братоў і сясцёр, пазбаўленых годнасці”. Папа заклікаў не быць абыякавымі да трагедыі беднасці і сучаснага рабства.

Францішак звярнуўся да тэмы адпустаў падчас Году Божай Міласэрнасці і нагадаў, што “Божае прабачэнне за нашыя грахі не ведае межаў”. Той, хто атрымлівае адпуст, звярнуў увагу Папа, закліканы “сведчыць міласэрнасць, расці ў любові, а не ўпадаць у грэх”.

У трэцяй частцы юбілейнай булы Пантыфік звяртаецца да членаў злачынных груповак, заклікаючы іх змяніць сваё жыццё, бо “грошы не прыносяць сапраўднага шчасця”, а “прымяненне сілы для завалодання грашыма, з якіх капае кроў, не робіць ні магутным, ні несмяротным”. “Ніхто не пазбегне суда Божага”, — напісаў Святы Айцец. Аналагічны зварот адрасаваны таксама да карупцыянераў, чые дзеянні “падрываюць самыя асновы асабістага і сацыяльнага жыцця”, таму з’яўляюцца “грахом, што заклікае да нябёсаў”.

Францішак лічыць, што юбілейны год – гэта магчымасць для міжрэлігійнага дыялогу. Ён адзначыў, што і юдаізм, і іслам лічаць міласэрнасць “адным з найбольш вызначальных атрыбутаў Бога”. Тут Папа падкрэсліў, што няма ніякай супярэчнасці паміж справядлівасцю і міласэрнасцю; гэта “два аспекты адной рэальнасці”.

Завяршае булу спасылка на асобу Марыі – “Маці міласэрнасці” і “Каўчэг Запавету паміж Богам і людзьмі”, якая “пацвярджае, што міласэрнасць Божага Сына не ведае межаў і дасягае ўсіх” без выключэння.

Надзвычайны Святы Год Божай Міласэрнасці Францішак абвясціў 13 сакавіка 2015 года. Як інфармуе Ватыканскае радыё, ён распачнецца ва ўсім Каталіцкім Касцёле ў свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2015 года, і будзе доўжыцца да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, 20 лістапада 2016 года.

для друку для друку