Апублікавана адгартацыя “Радуйцеся і весяліцеся”

Мы становімся святымі, калі жывем евангельскімі благаслаўленнямі – гэта галоўны шлях, таму што ён вядзе супраць плыні гэтага свету, падкрэсліў Папа Францішак у сваёй Апостальскай адгартацыі “Gaudete et exsultate” (Радуйцеся і весяліцеся), прысвечанай пакліканню да святасці ў сучасным свеце. Як інфармуе Ватыканскае радыё, дакумент быў апублікаваны 9 красавіка 2018 года на васьмі мовах: італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, партугальскай, польскай і арабскай.

Адгартацыя складаецца з пяці раздзелаў. У першым гаворка ідзе пра паўсюднасць паклікання да святасці. Святы Айцец заклікаў не апускаць рукі, мяркуючы, што святое жыццё з’яўляецца недасягальным ідэалам або спрабуючы наследаваць прыклады святасці, да якіх не былі прадвызначаны. Святасць, да якой Бог кліча ўсіх, гэта святасць у малых жэстах, якія здзяйсняюцца ў адносінах да людзей у штодзённасці, перакананы Папа.

У другім раздзеле Папа Францішак звярнуў увагу на дзве варожыя святасці тэндэнцыі, якія з’яўляюцца старажытнымі, але вельмі актуальнымі ў сучасным свеце. Першая з іх – гнастытычны спірытуалізм, які аддае перавагу “Богу без Хрыста, Хрысту без Касцёла, Касцёлу без народу”.

Другая – пелагіянскі індывідуалізм, які выражаецца ў высакамернасці, абумоўленай выкананнем пэўных прадпісанняў ці захаваннем пэўнага “каталіцкага стылю”. Празмермая прывязанасць да закону ці хваленне клопатам аб літургіі, дактрыне або прэстыжы Касцёла, паводле Папы, гэта некаторыя тыповыя рысы хрысціян, якія спакушаюцца ўзгаданай старажытнай ерасcю. Пантыфік нагадаў, што Божая ласка заўсёды пераўзыходзіць “інтэлектуальныя здольнасці і сілу волі чалавека”. Часам “мы занадта ўскладняем Евангелле і становімся рабамі пэўных схемаў”, лічыць ён.

У трэцім раздзеле Пантыфік нагадаў, што шлях да святасці складаюць восем евангельскіх благаслаўленняў. Гаворачы пра кожнае з іх, ён заклікаў быць «убогімі сэрцам», вядучы стрыманае жыццё; быць лагоднымі ў свеце, дзе сварацца на кожным кроку; быць мужнымі, бяручы на сябе боль пакут іншых людзей і спагадліва ставячыся да іх, у той час, калі “свет іх ігнаруе і глядзіць у іншы бок”; прагнуць справядлівасці, дзе “хеўра карупцыянераў” дзеліць паміж сабой “торт жыцця”; быць міласэрнымі, дапамагаючы і прабачаючы іншых; захоўваць сэрца чыстым ад усяго, што забруджвае любоў да Бога і бліжняга; “сеяць мір” і “сацыяльную справядлівасць”; і нарэшце, прымаць ганенні, не чакаючы пакуль наступяць спрыяльныя для жыцця Евангеллем умовы.

Паводле Святога Айца, адно з евангельскіх благаслаўленняў – “шчаслівыя міласэрныя” – з’яўляецца “вялікім правілам паводзінаў” для кожнага хрысціяна. Быць святым, не значыць мець вочы, якія “ззяюць у нейкім уяўным экстазе”, але жыць Богам праз любоў да самых апошніх, напісаў ён.

Папа заўважыў, што існуюць ідэалогіі, якія скажаюць Евангелле. Іх прыхільнікамі з’яўляюцца хрысціяне, якія, з аднаго боку, жывуць без адносін з Богам і ператвараюць хрысціянства ў пэўнага роду грамадскую арганізацыю. З іншага – якія пагарджаюць клопатам пра іншых, думаючы, што гэта нешта павярхоўнае, секулярнае, камуністычнае ці папулістычнае. У прыватнасці Францішак звярнуў увагу на абавязак прыняцця мігрантаў, які некаторыя католікі лічаць менш важным за біяэтыку. Прымаць мігрантаў – гэта хрысціянскі доўг, бо ў кожным вандроўным прысутнічае Хрыстус, і гэта не выдумка Папы альбо часовы псіхоз, дадаў Святы Айцец.

У чацвёртым раздзеле свайго дакумента Пантыфік заўважыў, што сучасная тэндэнцыя да атрымання задавальнення ад жыцця, што знаходзіць выйсце ў “геданістычным спажывецтве”, з’яўляецца супрацьлеглай жаданню праслаўлення Бога, якое патрабуе самаахвярнасці ў выкананні ўчынкаў міласэрнасці. Папа нагадаў, што для святога жыцця неабходны такія рысы, як цярплівасць, лагоднасць, радасць, пачуццё гумару, руплівасць і стараннасць. Акрамя таго, да святасці трэба крочыць у супольнасці і з малітвай, не ўцякаючы пры гэтым ад свету.

У апошнім – пятым – раздзеле адгартацыі Францішак заклікаў нястомна весці духоўную барацьбу з д’яблам, будучы пільнымі, узброіўшыся малітвай, сакрамэнтамі і жыццём справамі міласэрнасці. Напрыканцы дакумента, ён падкрэсліў важнасць праніклівасці ў свеце, які праз магчымасці для здзяйснення падарожжаў, вольнага часу і адкрыты доступ да выкарыстання тэхналогій, не пакідае ў сэрцы чалавека месца, у якім можа гучаць голас Бога.

У прэзентацыі “Gaudete et exsultate”, якая прайшла ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы прынялі ўдзел: арцыбіскуп Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, Джані Валентэ, журналіст агенцтва “Fides” – інфармацыйнага органу Папскіх місійных ініцыятыў, а таксама Паола Біньярдзі – італьянскі педагог, публіцыст і старшыня руху “Каталіцкая Акцыя” з 1999 па 2005 гг.

“Gaudete et Exsultate” стала трэцяй Апостальскай адгартацыяй Папы Францішка. У 2013 годзе выйшла “Evangelii gaudium” (Радасць Евангелля), прысвечаная абвяшчэнню Евангелля ў сучасным свеце, а ў 2016 годзе – “Amoris laetitia” (Радасць любові), аб любові ў сям’і.

для друку для друку