Аптэка Ватыкана пачала продаж парфюмерыі ўласнай вытворчасці

Ватыканская Аптэка анансавала запуск сваёй першай лінейкі парфюмерыі, у склад якой увайшлі чатыры водары — “золата”, “кадзіла”, “мірра” і “ружа містычная”.

Пра гэта са спасылкай на ватыканскія СМІ паведамляе rublev.com.

Назвы першых трох водараў пераклікаюцца з евангельскім аповедам пра Нараджэнне Хрыста, якому мудрацы прынеслі золата, кадзіла і мірру (Мц 2, 9-11). Ружа містычная – адно з існуючых у каталіцтве зваротаў да Божай Маці.

Духі выпускаюць аптэкары-баніфраты – члены ордэна гаспіталістаў святога Яна Божага, “браты міласэрнасці”. На стварэнне калекцыі іх натхнілі словы з Кнігі Прыпавесцяў Саламона: “Духмянасць і кадзіла радуюць сэрца”.

Духі прадаюцца ва ўпакоўцы, якая ўключае чатыры флаконы, на якіх рымскімі лічбамі пазначаны год выпуску — MMXVIII (2018).

Як адзначыў дырэктар Ватыканскай аптэкі Томас Бініш Мулакаль, 2018 год стаў асаблівым для яго ўстановы: ідзе працэс рэформы, якая дазволіць удасканаліць абслугоўванне тысяч наведвальнікаў аптэкі Ватыкана.

Згодна з ідэяй стваральнікаў парфюмернай калекцыі, новыя духі закліканы наноў адкрыць для вернікаў ролю водараў у хрысціянскім жыцці.

Пры стварэнні водараў супрацоўнікі аптэкі звярталіся да раслін, якія здаўна выкарыстоўваліся на Святой Зямлі і ў Міжземнамор’і для стварэння пахаў. У склад духоў увайшлі кампаненты алоэ, шафрана, ружа, сандалавага дрэва, карыцы, герані, бергамота і інш.

Ватыканскую аптэку называюць самай загружанай аптэкай у свеце: штодзень яе супрацоўнікі абслугоўваюць ад 2 да 2,5 тысяч кліентаў. Каля палова з іх – жыхары Ватыкана, супрацоўнікі Рымскай курыі і іх сем’і. Другая палова – турысты.

Штат аптэкі складае каля 45 чалавек. Узначальвае аптэку манах з ордэна баніфратаў. Працуе аптэка з 1874 года.

Да ўласнай вытворчасці аптэкі належаць наступныя тавары: крэм для прадухілення пролежняў, эліксіры з анісу і хініну, шэсць водараў мыла, лавандавая вада, ласьён супраць акнэ і спецыяльны ласьён пасля галення.

Усяго ў аптэцы прадстаўлена каля 42 тысяч найменняў – лекі, сродкі асабістай гігіены і касметыкі з Італіі, Швейцарыі, Францыі, Германіі і ЗША.

Catholic.by

для друку для друку