Апостальскі Нунцый цэлебраваў Імшу ў Тракелях

13 ліпеня ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях завяршыліся святой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

У Імшы ўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі i Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. На Эўхарыстыі прысутнічалі шматлікія пілігрымы з нашай краіны і з замежжа. Многія прыбылі ў пешых пілігрымках.

Прысутнічалі таксама святары, якія раней служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі, прыбыўшы з Польшчы, каб атачыць душпастырскай апекай парафію на Гродзеншчыне і з вялікай руплівасцю служыць Касцёлу, які адраджаецца. Гэта кс. канонік Павел Галінскі, які 13 гадоў служыў у тракельскай парафіі і санктуарыі, і кс. канонік Раман Катлімоўскі, які з самага пачатку існавання тракельскага санктуарыя праводзіў малітоўныя чуванні і 27 гадоў выкладаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і дыпламатычнага корпусу.

Вітаючы ўдзельнікаў літургіі, асабліва Апостальскага Нунцыя, гаспадар святкаванняў біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што яго прысутнасць набліжае асобу Папы Францішка, якога так любяць і чакаюць у Беларусі вернікі, a таксама Гродзеншчына.

Біскуп падкрэсліў, што для Нунцыя гэта нагода прыгледзецца да вернікаў і сем’яў дыяцэзіі, якія перад літургіяй аднавілі сужэнскія абяцанні, запрашаючы зноў у сваё жыццё Бога.

У гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што вера Панны Марыі, Яе гатоўнасць адказаць на заклік Бога можа стаць прыкладам, святлом на жыццёвым шляху нашых сем’яў. Ён звярнуў увагу на тры Яе паставы: Марыя, якая слухае, Марыя, якая крочыць, Марыя, якая сустракаецца.

Адносіны ў сям’і, заўважыў іерарх, таксама будуюцца на слуханні. “Слухаць ніколі не бывае проста, бо патрабуе адрачэння ад сябе, ад жадання заўсёды мець рацыю. Таму часам бывае зручней рабіць выгляд, што мы глухія”, – дадаў ён.

“Марыя, пачуўшы Звеставанне Анёла, не застаецца на месцы, прывязанай да выгодаў і камфорту, але ідзе… Мы таксама збіраемся ў пілігрымках, наследуючы Яе прыклад, каб прайсці шлях, які патрабуе намаганняў, але які прыносіць багаты плён ласкаў.

(…) Маці Божая ведае нашыя шляхі і спадарожнічае нам. Пазнаўшы ўсе цяжкасці, Яна бярэ нас за руку, асабліва тады, калі ў дарозе сустракаюцца нягоды”, – адзначыў арцыбіскуп.

“Трэба разумець, што ідэальных сем’яў не існуе. Мы не мусім баяцца недасканаласцяў, ранаў, канфліктаў. Мы павінны навучыцца сустракацца з імі тварам у твар і адважна іх вырашаць. Таму сям’я, у якой, нягледзячы на слабасці і грахі, пануе любоў, становіцца школай прабачэння”, – падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца.

“Наступная пастава Марыі – гэта сустрэча, – працягваў арцыбіскуп. – Марыя сустракаецца з Альжбетай, якая ўшаноўвае Яе, таму што Яна паверыла. Сям’я таксама нараджаецца з сустрэчы з іншым, каб рэалізаваць Божы план, у якім ужо няма “я” і “ты”, але ёсць “мы””.

“Марыя слухае, ідзе, сустракаецца і шчаслівая, бо нясе штосьці больше за сябе – Бога. Не будзем жа баяцца і мы несці Бога іншым, найперш – уласным сем’ям”, – заклікаў іерарх.

На заканчэнне сёлетняй урачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, калі адзначалася 25-годдзе абвяшчэння парафіяльнай святыні ў Тракелях Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай і 210-годдзе пабудовы мясцовага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі, які за год служэння ў Тракелях вельмі змяніў у лепшы бок знешні выгляд святыні і навакольную тэрыторыю, падзякаваў усім за ўдзел у святкаваннях.

кс. Юрый Марціновіч, тэкст
Вольга Сяліцкая, фота
grodnensis.by

для друку для друку