Апостальскі нунцый блаславіў падмурак будучага касцёла Святога Духа ў Гродне

26 мая, у VI Велікодную нядзелю, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр блаславіў падмурак і заклаў вуглавы камень касцёла Святога Духа ў Гродне, які разам з парафіяльным домам будуецца ў мікрараёне Альшанка.

Вуглавы камень быў ахвяраваны кардыналам Анджэло Камастры, архісвятаром базылікі св. Пятра ў Рыме.

Падчас літургіі група маладых людзей прыняла сакрамэнт канфірмацыі. Хрыстус напоўніў іх сваім Духам і праз паслугу Нунцыя намасціў, каб былі Яго сведкамі і мелі ў сабе Божую радасць, супакой, адвагу, каштоўныя дары Святога Духа – Апекуна іх парафіі.

На ўрачыстасці сабраліся вернікі наймалодшай парафіі горада, якія прыйшлі цэлымі сем’ямі, і духавенства на чале з ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі біскупам Аляксандрам Кашкевічам.

Вітаючы Апостальскага Нунцыя, біскуп Гродзенскі адзначыў, што прысутнасць прадстаўніка Папы Францішка на гэтай гістарычнай падзеі з’яўляецца бачным знакам духоўнай блізкасці з Пантыфікам, яго айцоўскай любові і клопату пра мясцовы Касцёл.

Біскуп падкрэсліў, што касцёл, які паўстае у новым мікрараёне горада, будзе знакам, што тут жывуць вызнаўцы Хрыста, вернікі Каталіцкага Касцёла, якія атрымалі ў спадчыну скарб веры пасля сваіх бацькоў і продкаў і трываюць верна з Езусам Хрыстом, Панам і Адкупіцелем.

“Няхай ён стане месцам, у якім Бог, багаты любоўю і міласэрнасцю, будзе шчодра ўдзяляць свае ласкі і дары ўсім, хто з верай і даверам будзе ўзносіць да Яго свае пакорныя малітвы”, – дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр на пачатку літургіі выказаў радасць з магчымасці наведаць у чарговы раз горад на Нёмане і сустрэцца з маладой супольнасцю, якая з’яўляецца відавочным знакам развіцця і росту нашага Касцёла.

“Ці веру я, што Бог мяне любіць? – паставіў пытанне Апостальскі Нунцый у гаміліі. – Веруючы чалавек – гэта той, хто паверыў, што Бог яго любіць. Я любімая Богам дачка! Я любімы Богам сын! Гэта першае і самае галоўнае: паверыць у праўду, што Бог мяне любіць бясконца”.

“А я ці люблю Бога? Як адказаць на Яго любоў? “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё”, – кажа Езус. Захоўваць слова Езуса, вядома, не азначае схаваць яго пад ключ, ці пакласці ў надзейны сейф у банку, ці паставіць на бачнае месца ў пакоі з букетам кветак, як на алтарах у касцёле (…). Не! Каб сапраўды захаваць Яго слова, трэба адчыніць дзверы нашых сэрцаў, прыняць з любоўю ўсё тое, што сказаў Пан, і жыць гэтымі словамі ў штодзённым жыцці”, – дадаў арцыбіскуп.

“Любіць Яго азначае перш за ўсё любіць бліжняга. Не можам укрыцца ад гэтай праўды ў педантычным выкананні абрадаў ці нормаў закону, як гэта рабілі фарысеі і кніжнікі. Не можам супакойваць сумленне, кажучы сабе: “Я хаджу ў касцёл, значыць я – добры хрысціянін””, – падкрэсліў іерарх.

Па словах Апостальскага Нунцыя, “чым больш мы любім (не сентыментальна, пачуццёва, а на справах, у дзеяннях), тым мацнейшай становіцца любоў, тым радзей мы падаем і церпім няўдачы, аж прыйдзе час, калі любіць стане натуральным для нашай душы, стане стылем нашага жыцця, як для атлетаў натуральны высокі тонус мышцаў і здаровы лад жыцця”, і “па гэтым усе пазнаюць, што мы – вучні Езуса, хрысціяне”.

Іерарх адзначыў, што Святы Дух і ёсць Любоў – “тая Любоў, якая жыве ў сэрцы Святой Тройцы і якую Бог няспынна пералівае ў сэрцы кожнага з нас”. “Падумаем: колькі ёсць вольнага месца ў нашых сэрцах для Божага Духа, для Духа Любові?” – дадаў ён.

“Бог не стамляецца паказваць нам Сваю любоў. Адкрыем Яму сэрцы і будзем верыць Яму, адкрыем вушы і будзем слухаць Яго слова, адкрыем вочы і абдымкі і будзем заўважаць і прымаць тых, хто знаходзіцца побач і мае патрэбу ў нашай дапамозе, усмешцы, парадзе, падтрымцы, у нашай блізкасці, – заахвоціў арцыбіскуп. – І тады мы ўбачым цуды перамен у сабе і навокал. Гэта – дзеянне Святога Духа. І іншыя, далёкія ад веры, быць можа, знаёмыя, сябры ці нават самыя блізкія, убачаць вас, вашу супольнасць, прасякнутую духам Любові, надзеі, дабрыні, і павераць”.

На заканчэнне літургіі словы ўдзячнасці ў адрас Апостальскага Нунцыя і біскупа Гродзенскага выказалі вернікі. Падзяку выказаў таксама пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда. Святар адзначыў, што маладая парафіяльная супольнасць прагне перш за ўсё далей будаваць жывы духоўны Касцёл, каб пасля з Божай дапамогай узвесці ў хуткім часе святыню з камянёў, якая так патрэбная.

кс. Юрый Марціновіч, тэкст
Ангеліна Лукашэвіч, фота
grodnensis.by

для друку для друку