Апостальскі Нунцый у Беларусі сустрэўся з архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр сустрэўся з архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем. Ватыканскаму іерарху спадарожнічаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Падчас сустрэчы бакоў абмяркоўваліся тэалагічныя тэмы, пытанне адзінства і дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Была закранутая сустрэча Папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў Гаване. Арцыбіскуп Габар Пінтэр падкрэсліў, што вельмі задаволены з таго, што ў Беларусі існуюць рэальныя добрасуседскія адносіны паміж дзвюма канфесіямі.

Архіепіскап Дзімітрый пацікавіўся станам рэчаў у Заходняй Еўропе і распавёў пра ганенні, якія перажыла Праваслаўная Царква ў перыяд атэістычнага пераследу. Бакі таксама абмяняліся падарункамі.

Апостальскі Нунцый перадаў архіепіскапу Дзімітрыю ружанец ад Святога Айца Папы Францішка. Праваслаўны іерарх падарыў Нунцыю ікону Святой Тройцы і пацеркі.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку