Апостальскі Нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў св. Імшу ў Мінску

pinter4 верасня 2016 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася св. Імша з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра. Гэта Літургія стала першай, якую новапрызначаны прадстаўнік Папы ўзначаліў у галоўным каталіцкім храме краіны.

Невялікую частку шляху да катэдры ватыканскаму дыпламату нават прыйшлося ісці пешшу: Літургія супала па часе с вялікім легкаатлетычным марафонам. Напачатку св. Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі параўнаў гэта з пачаткам духоўнага шляху іерарха ў Беларусі. А сам Апостальскі Нунцый падзяліўся сваімі ўражаннямі пасля прыбыцця на новае месца служэння.

«Я тут знаходжуся толькі два тыдні. Я ўжо спаткаўся з шматлікімі людзьмі і ведаю ўжо шмат пра Касцёл у Беларусі. Я прыемна ўражаны горадам, яго чысцінёй і ветлівымі людзьмі. Але будзьце цярплівымі да мяне: я павінен яшчэ шмат чаму навучыцца, у тым ліку, разумець мову, каб добра працаваць у краіне», — сказаў дыпламат.

Раней арцыбіскуп Пінтэр адзначаў, што яго венгерскае паходжанне дазваляе глыбей разумець рэальнасць камуністычнага мінулага, а таксама, несумненна, дапамагае ўсведамленню актуальнай сітуацыі Касцёла і грамадства ў Беларусі. Таксама прадстаўнік Папы станоўча ацаніў стан супрацоўніцтва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якое многія лічаць мадэллю экуменізму.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр быў прызначаны новым дыпламатычным прадстаўніком Святога Айца ў Беларусі 13 мая 2016 г. Да гэтага ён працаваў у дыппрадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

Новы Апостальскі Нунцый прыбыў у Беларусь у сярэдзіне жніўня, а ўчора духавенства і вернікі Беларусі не толькі прывіталі папскага дыпламата, але і разам маліліся з нагоды пачатку яго служэння ў краіне.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку