Апостальскі Нунцый прыняў удзел у святкаванні стагадовага юбілею аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (+відэа)

Галоўная Імша адбылася ў 12 гадзін 13 мая, яе ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Самі ж урачыстасці, як паведамлялася раней, распачаліся ў Шуміліне днём раней, 12 мая, і працягваліся ўсю ноч.

Каб сустрэць пасланніка Папы вернікі на чале з біскупам Алегам Буткевічам выйшлі да галоўнай брамы. Арцыбіскупу ўручылі хлеб, а таксама вельмі цёплыя словы прамовілі да яго дзеці парафіі.

Пасля ўрачыстага ўваходу ў храм, арцыбіскуп Габар Пінтэр прывітаў вернікаў. Сваё прывітанне ён распачаў словамі Апостала Паўла: “Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста”. Нунцый адзначыў, што Папа Францішак зараз знаходзіцца ў фацімскім санктурыі Маці Божай, а ён таксама знаходзіцца ў фацімскім санктуарыі, толькі не ў Партугаліі, а на Віцебшчыне. Дарэчы, сваё прывітальнае слова і гамілію арцыбіскуп Габар Пінтэр прамовіў на беларускай мове.

Біскуп Алег Буткевіч у сваім прывітальным слове ўзгадаў той факт, што культ Маці Божай Фацімскай найбольш пашырыўся пры пантыфікаце Яна Паўла ІІ, які лічыў, што выжыў падчас замаху на яго, які адбыўся 13 мая 1981 года, дзякуючы заступніцтву Маці Божай Фацімскай. Іерарх узгадаў таксама, што першы фэст, прысвечаны ўшанаванню Маці Божай з Фацімы адбыўся 13 мая 2000 года. Дарэчы, у гэты дзень 17 гадоў таму віцебскі ардынарый прыняў святарскія пасвячэнні.

Напачатку сваёй гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр выказаў радасць з нагоды свайго знаходжання тут, у Шуміліне, падчас гэтых урачыстасцей. Ён адзначыў, што пакора, паслухмянасць Марыі можа быць прыкладам для ўсіх нас. Мы можам задаць сабе пытанне, — адзначыў нунцый, — чаму Бог часта не выбірае для свайго служэння багатых і магутных, а бедных і слабых. Але гэтыя людзі багатыя на веру і любоў да Бога, да сваіх бліжніх.

Дух Святы перамяніў жыццё Марыі ў той момант, калі яна адказала Богу “Так, няхай мне станецца паводле слова Твайго”. І так Дух можа перамяніць жыццё любога чалавека, умацаваць яго, зрабіць яго адважным. І чалавек зможа тады здзейсніць тое, што раней яму здавалася немагчымым. Мы павінны ўмець распазнаць, што ад нас хоча Бог, і дзейнічаць згодна з яго воляй.

Прадстаўнік Папы ўзгадаў, што менавіта ў гэты момант Папа Францішак далучае Жасінту і Францішка, пастушкоў з Фацімы, да ліку святых.

Сваю гамілію арцыбіскуп скончыў заклікам да вернікаў давяраць Марыі, Божай Маці, браць з яе прыклад, бо яна не пакідае тых, хто верыць у яе сына Езуса Хрыста.

Напрыканцы Імшы архімандрыт Сяргей Гаек падзякаваў Апостальскаму Нунцыю за гэты візіт і ад імя грэка-католікаў падараваў яму ікону Маці Божай Фацімскай.

Пасланніка Папы Францішка прывітала і намеснік кіраўніка Шумілінскага раёна Ірына Шалахава, якая прысутнічала на ўрачыстасці.

Затым арцыбіскуп удзяліў ад імя Папы Францішка апостальскае бласлаўленне, пасля чаго адбылася ружанцовая працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел святары і вернікі. Пад час гэтай працэсіі была адмоўлена чацвёртая частка ружанца.

На заканчэнні ўрачыстасці біскуп Алег Буткевіч выказаў падзяку ўсім прысутным: Апостальскаму Нунцыю, святарам, сёстрам законным, пілігрымам, хору з касцёла святой Барбары ў Віцебску, а таксама тым, хто рыхтаваў гэту ўрачыстасць, у тым ліку і абед для гасцей свята. А яшчэ біскуп падзякаваў Богу за добрае надвор’е, якое ёсць знакам Божай любові. Напрыканцы іерарх пажартаваў, што добра, што ў гэты майскі дзень не было снегу.

Апостальскі Нунцый у сваім слове адзначыў, што сённяшні дзень для яго мае асаблівае значэнне, бо год таму, 13 мая 2016 года, Папа Францішак прызначыў яго на працу ў Беларусі. Яшчэ высокі госць сказаў, што працаваў у шмат у якіх краінах свету, але першы раз прымаў удзел у такой ружанцовай працэсіі. “Вось і арцыбіскуп можа нечаму ў вас павучыцца,” – адзначыў іерарх.

Пасля гэтага гасцей свята чакаў абед, які адбыўся на свежым паветры. А ў касцёле ў гэты час прайшло спатканне святароў Віцебскай дыяцэзіі, на якім прысутнічаў і Апосталькі Нунцый. Дарэчы, гэта быў толькі першы дзень візіту ў Віцебскую дыяцэзію, які працягнецца да панядзелка 15 мая.

А пасля абеду гасцей свята чакала яшчэ забаўляльная праграма, падчас якой дзеці з Шуміліна паказалі сцэнку пра фацімскія аб’яўленні, дзеці з лынтупскай парафіі паказалі сваё майстэрства ў танцах, а скончылася праграма выступам гурта Laudans і агульным фотаздымкам разам з біскупам Алегам Буткевічам і Апостальскім Нунцыем Габарам Пінтэрам.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

Чытайце таксама:
У Шуміліне вернікі прайшлі ў працэсіі з ружанцовай малітвай
У Шуміліне распачаліся ўрачыстасці з нагоды стагадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай
Дзве групы пілігрымаў прыйшлі ў Шуміліна

для друку для друку